Францішак нагадаў пра мэты барацьбы з непісьменнасцю ў свеце
Аляксандр Амяльчэня - Pope
9 верасня 2022 года ў Ватыкане ад імя Францішка было абнародавана пасланне, прымеркаванае да Міжнароднага дня пісьменнасці. У тэксце, падпісаным кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам, адзначаецца, што “кожная змена патрабуе адукацыйнага шляху, які ўключае ўсіх і кожнага”. А для гэтага неабходна пабудаваць адукацыйную прастору, дзе імкненне стварыць сетку чалавечых і адкрытых адносін рэалізуецца на базе разнастайнасці.
Святы Айцец лічыць неабходным падпісаць пагадненне, “якое надасць душу фармальным і нефармальным адукацыйным працэсам”, дзе не будзе ігнаравацца той факт, “што ў свеце ўсё цесна звязана і што неабходна знайсці, згодна з разумнай антрапалогіяй, іншыя спосабы разумення эканомікі, палітыкі, росту і прагрэсу”. Пантыфік кажа пра “інтэгральную экалогію”, дзе цэніцца кожная істота і “прапануецца стыль жыцця, які не прымае культуры адчужэння”.
Спасылаючыся на прамову Яна Паўла ІІ у ЮНЕСКА 2 чэрвеня 1980 года, Францішак нагадвае, што мэтай адукацыі і пісьменнасці “з’яўляецца пабудова свету, дзе мера – гэта чалавек”, які разглядацца ў яго матэрыяльных, культурных і духоўных памкненнях, а таксама ў адносінах з іншымі, грамадствам, прыродай і жыццёвым асяроддзем.
Папа заклікае да пошуку такой канцэпцыі адукацыі, якая будзе мець на ўвазе “саюз паміж усімі складнікамі асобы: паміж вучобай і жыццём; паміж пакаленнямі; паміж выкладчыкамі, вучнямі, сем'ямі і грамадзянскай супольнасцю”. Гаворка ідзе таксама пра “саюз паміж жыхарамі Зямлі і “агульным домам”, які трэба берагчы і паважаць”, пра “саюз, які стварае мір, справядлівасць і прыняцце паміж усімі народамі чалавечай сям'і, а таксама дыялог паміж рэлігіямі”.
У гэты ваенны і пандэмічны час Святы Айцец нагадвае, што “адукацыя заўсёды з’яўляецца актам надзеі, які запрашае да дзялення і пераўтварэння стэрыльнай і паралізуючай логікі абыякавасці ў логіку, здольную прыняць нашу супольную прыналежнасць”.
Францішак запрашае да намаганняў па папулярызацыі і падтрымцы прафесіі настаўніка і жадае, каб намаганні ЮНЕСКА па пераадоленні непісьменнасці спрыялі пабудове цывілізацыі гармоніі, адзінства, салідарнасці, братэрства і трывалага міру.