ҽ

Папа: Бог просіць быць уважлівымі да братоў, якія аддаліліся ад Яго

Бог не застаецца бестурботным, калі мы аддаляемся ад Яго, - нагадаў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 11 верасня 2022 года прайшла на плошчы святога Пятра ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак заўважыў, што ў Евангеллі сённяшняй літургіі паказаны тры прыпавесці пра міласэрнасць (пар. Лк 15,4-32), названыя так, бо дапамагаюць убачыць міласэрнае сэрца Бога. “Езус распавёў іх, каб адказаць на нараканні фарысеяў і кніжнікаў, якія казалі: “Ён прымае грэшнікаў і есць з імі”... Калі для іх гэта было абуральна па рэлігійных матывах, Езус, прымаючы грэшнікаў і ядучы разам з імі, паказвае нам, што Бог менавіта такі: не выключае нікога, жадае бачыць усіх на сваёй вячэры, бо любіць усіх як сваіх дзяцей. Тры прыпавесці, такім чынам, абагульняюць сутнасць Евангелля: Бог – Айцец і Ён ідзе шукаць нас, кожны раз, калі губляемся”, - сказаў Папа.

Пантыфік патлумачыў, што галоўныя героі прыпавесцей, якія з’яўляюцца вобразам Бога – гэта пастыр, што шукае згубленую авечку, жанчына, якая знаходзіць згубленую манету і бацька марнатраўнага сына. “Давайце засяродзімся на аспекце, агульным для гэтых трох галоўных дзеючых асобаў, які можа акрэсліць так: неспакой з прычыны недахопу”, - прапанаваў Святы Айцец.

“Усе трое, па сутнасці, калі б крыху падлічылі, маглі б заставацца спакойнымі: пастыру не хапала адной авечкі, але ён меў іншыя дзевяноста дзевяць; жанчыне – манеты, але мела іншыя дзевяць; таксама і бацька меў іншага сына, паслухмянага, якому мог прысвяціць сябе. Аднак, у іх сэрцах быў неспакой з прычыны таго, чаго не хапала: авечкі, манеты, сына, які сышоў. Чалавек, які любіць, хвалюецца за таго, каго няма, тужыць па тым, хто адсутнічае, шукае таго, хто згубіўся, чакае таго, хто аддаліўся, бо хоча, каб ніхто не быў згублены”, - падкрэсліў Францішак.

Папа нагадаў, што менавіта такім з’яўляецца Бог: Ён не бывае бестурботным, калі мы аддаляемся ад Яго, Ён пакутуе, хвалюецца ў душы, выходзіць шукаць нас, пакуль не верне ў свае абдымкі. “Бог не лічыць страты і рызыкі, Ён мае сэрца бацькі і маці і пакутуе ад адсутнасці ўмілаваных дзяцей... Так, Бог пакутуе ад нашай аддаленасці, і, калі губляемся, чакае нашага вяртання. Давайце будзем памятаць: Бог заўсёды чакае нас з раскрытымі абдымкамі, незалежна ад жыццёвай сітуацыі, у якой згубіліся. Як кажа псальм, Ён не смыкае вачэй, заўсёды чувае над намі”, - дадаў Пантыфік.

Папа заклікаў вернікаў паглядзець у сваё сэрца і спытаць у сябе, ці наследуюць яны Бога ў адчуванні такога “неспакою з прычыны адсутнасці”. “Ці тужым па тым, хто адсутнічае, па тым, хто аддаліўся ад хрысціянскага жыцця? Ці носім у сабе гэта ўнутранае хваляванне, або застаемся спакойнымі і бестурботнымі паміж намі? Іншымі словамі, нам па-сапраўднаму не хапае тых, каго няма ў нашых супольнасцях або мы адчуваем сябе добра паміж сабой, спакойныя і шчаслівыя ў нашых групах, не маем спагады да тых, хто далёка? Гаворка не ідзе толькі пра тое, каб быць адкрытымі на іншых – гэта Евангелле!”, - падкрэсліў Папа.

“Давайце падумаем пра нашы адносіны: я малюся за тых, хто не верыць, хто далёка? Ці прывабліваем мы тых, хто далёка праз Божы стыль, якім ёсць блізкасць, спагада і ласкавасць? Пан просіць нас быць уважлівымі да сыноў і дачок, якіх Яму найбольш не хапае. Давайце падумаем пра якога-небудзь знаёмага, блізкага, які, магчыма, ніколі не чуў, каб нехта сказаў яму: “Ведаеш? Ты важны для Бога”, - прапанаваў Папа.

“Давайце зробім так, каб нас усхвалявалі гэтыя пытанні і памолімся да Багародзіцы, маці, якая ніколі не стамляецца шукаць нас і клапаціцца пра нас, сваіх дзяцей”, - заклікаў напрыканцы разважання Святы Айцец.
 

11 верасня 2022, 12:34

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >