Францішак: вайна – гэта вар’яцтва, мы патрабуем міру
Аляксандр Панчанка - Pope
“Зноў заахвочваю прасіць Пана аб міры для дарагога ўкраінскага народу, які ўжо шэсць месяцаў пакутуе ад жахаў вайны. Няхай будуць зроблены канкрэтныя крокі, каб пакласці канец вайне і пазбегнуць пагрозы ядзернай катастрофы ў Запарожжы. Трымаю ў сэрцы палонных, у першую чаргу тых, якія знаходзяцца ў цяжкай сітуацыі, і прашу адказныя ўлады прыняць намаганні для іх вызвалення. Думаю таксама пра дзяцей, пра вялікую колькасць забітых, а таксама пра шматлікіх бежанцаў, нямала з якіх прысутнічае тут”, - сказаў Папа падчас агульнай аўдыенцыі, якая 24 жніўня 2022 года прайшла ў ватыканскай Зале Паўла VI.
Францішак прызнаўся, што думае “пра шматлікіх параненых, пра мноства украінскіх і расійскіх дзяцей, якія сталі сіротамі, бо сіроцтва не мае нацыянальнасці”. “Яны згубілі сваіх бацькаў ці маці незалежна ад таго ці з’яўляюцца расіянамі, ці ўкраінцамі. Я думаю пра вялікую жорсткасць, пра мноства нявінных, якія плацяць за вар’яцтва, вар’яцтва ўсіх бакоў, бо вайна – гэта вар’яцтва. І ніхто з тых, хто вядзе вайну, не можа сказаць: “Я не вар’ят”. Вар’яцтва вайны. Я думаю пра няшчасную дзяўчыну, якая была забіта ў Маскве бомбай, закладзенай пад сядзеннем аўтамабіля. За вайну плацяць нявінныя! Давайце задумаемся над гэтай рэчаіснасцю і скажам адзін аднаму: вайна – гэта вар’яцтва. А тыя, хто зарабляе на вайне і гандлі зброяй – гэта злачынцы, якія забіваюць чалавецтва”, - сцвердзіў Святы Айцец.
Папа скіраваў таксама думкі да іншых краін, дзе ідуць узброеныя канфлікты: да Сірыі, дзе вайна трывае ўжо больш за дзесяць гадоў, да Емену, дзе “мноства дзяцей пакутуе ад голаду”, да народу рахінджа, выгнанага са сваёй зямлі. “Але сёння асаблівым чынам, у кантэксце шасці месяцаў ад пачатку вайны, узгадаем пра Украіну і Расію, краіны якія я прысвяціў Беззаганнаму Сэрцу Марыі. Няхай Яна, як Маці, скіруе свой позірк на гэтыя дзе краіны, якія Яна любіць, няхай паглядзіць на Украіну, няхай паглядзіць на Расію і прынясе нам мір. Мы патрабуем міру”, - сказаў Францішак.