ҽ

Анёл Панскі: Евангелле дае не фальшывы міры, але неспакой

Езус запрашае нас распаліць полымя веры, каб яна не стала другаснай рэальнасцю або сродкам індывідуальнага дабрабыту, - звярнуў увагу Папа 14 жніўня 2022 года ў разважанні перад малітвай Анёл Панскі.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Францішак спаслаўся на літургічнае евангельскае чытанне на XX Звычайную нядзелю, дзе Езус кажа: “Агонь прыйшоў Я кінуць на зямлю і як жа хачу, каб ён ужо разгарэўся” (Лк 12, 49-53). “Пра які агонь ідзе гаворка? І якое значэнне гэтыя словы маюць для нас сёння?”, - задаўся пытаннямі Папа.

“Як вядома, Езус прыйшоў несці ў свет Евангелле – Добрую Навіну пра любоў Бога да кожнага з нас. Такім чынам, Ён кажа нам, што Евангелле падобнае да агню, бо гэта пасланне, якое, урываючыся ў гісторыю, спальвае старую раўнавагу жыцця, заклікае нас выйсці з індывідуалізму, пераадолець эгаізм, выйсці з рабства, граху і смерці да новага жыцця Уваскрослага”, - звярнуў увагу Пантыфік.

Евангелле, дадаў ён, “не пакідае ўсё як ёсць, але выклікае змены і запрашае да навяртання”, “не дае фальшывага інтымістычнага міру, але распальвае неспакой, які ставіць нас на дарогу, падштурхоўвае да адкрыцця на Бога і нашых братоў”. І гаворка ідзе пра агонь, які, “саграваючы нас Божай любоўю, хоча спаліць наш эгаізм, асвятліць цёмныя бакі жыцця, знішчыць фальшывых ідалаў, якія нас няволяць”.

“Езус, напоўнены Духам Святым, якога параўноўвае з агнём, сваім святлом і сваёй сілай адкрывае міласэрнае аблічча Бога і дае надзею тым, хто лічыцца страчаным, разбурае бар’еры маргіналізацыі, загойвае людскія раны, цялесныя і душэўныя, аднаўляе рэлігійнасць, зведзеную да знешніх практык”, - звярнуў увагу Францішак.

Пантыфік заклікаў вернікаў паслухаць Хрыста і “распаліць полымя веры, каб яна не стала другаснай рэальнасцю або сродкам індывідуальнага дабрабыту, які прымушае нас уцякаць ад выклікаў жыцця і ад абавязацельстваў у Касцёле і ў грамадстве”.

Святы Айцец зацытаваў Анры дэ Любака, які заўважыў, што вера ў Бога падбадзёрвае чалавека, і не не для таго, каб выклікаць паралізуючую ілюзію або блажэннае задавальненне, але каб дазволіць нам дзейнічаць. “Карацей кажучы, вера – гэта не “калыханка”, якая люляе нас, каб увесці ў сон, але агонь, запалены, каб не спаць і працаваць нават ноччу”, - падсумаваў ён.

У завяршэнне свайго разважання Францішак запрасіў сваіх слухачоў задаць сабе некалькі пытанняў: ці захапляюся я Евангеллем; ці часта я яго чытаю; ці бяру яго з сабой; вера, якую я вызнаю і цэлебрую, дае мне блажэнны спакой ці запальвае ва мне агонь сведчання? Прычым такія пытанні можна задаць у кантэксце ўсяго Касцёла: ці ў нашых супольнасцях гарыць агонь Духа Святога, ці ёсць запал малітвы і міласэрнасці, радасць веры?

“Браты і сёстры, праверым жа сябе ў гэтым, каб і мы маглі сказаць, як Езус: мы запалены агнём Божай любові і хочам “кінуць” яго ў свет, несці кожнаму, каб усе маглі адкрыць пяшчоту Айца і адчуць радасць Езуса, Які пашырае сэрца і робіць жыццё цудоўным. Аб гэтым памолімся Найсвяцейшай Багародзіцы: няхай заступіцца за нас Яна, якая прыняла агонь Духа Святога”, - завяршыў сваё разважанне перад малітвай Анёл Панскі Францішак.
 

14 жніўня 2022, 12:27

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >