Святы Айцец: мая пілігрымка ў Канаду будзе пакаяннай
Аляксандр Панчанка - Pope
“У наступную нядзелю, калі дазволіць Бог, я паеду ў Канаду; у сувязі з гэтым я хачу зараз звярнуцца да ўсіх жыхароў гэтай краіны”, - адзначыў Папа на заканчэнне сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 17 ліпеня 2022 года прайшла на ватыканскай плошчы святога Пятра.
“Дарагія канадскія браты і сёстры, як вы ведаеце, я прыеду да вас перш за ўсё ў імя Езуса, каб сустрэць і абняць карэнныя народы. На жаль, у Канадзе многія хрысціяне, у тым ліку некаторыя члены рэлігійных інстытутаў, спрыялі палітыцы культурнай асіміляцыі, якая ў мінулым рознымі спосабамі нанесла сур’ёзную шкоду мясцовым супольнасцям. Па гэтай прычыне я нядаўна прыняў у Ватыкане некалькі груп прадстаўнікоў карэнных народаў, якім выказаў свой боль і салідарнасць перад абліччам таго зла, якое яны спазналі. Цяпер жа я збіраюся здзейсніць пакаянную пілігрымку, якая, спадзяюся, з Божай ласкі паспрыяе ўжо распачатаму шляху аздараўлення і прымірэння. Я загадзя ўдзячны вам за ўсю падрыхтоўчую працу і за гасціннасць, якую вы акажаце мне. Дзякую ўсім! І прашу вас суправаджаць мяне малітвай”, - сказаў Святы Айцец.