Дзяржсакратар пра Украіну, візіт у Афрыку і ролю жанчын у Ватыкане
Аляксандр Панчанка - Pope
13 ліпеня 2022 года Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы прыняў удзел у прэзентацыі кнігі журналісткі Ватыканскага радыё Фаўсты Сперанцы “Пачуццё смагі. Вада паміж геапалітыкай, правамі, мастацтвам і духоўнасцю” (Il senso della sete. L’acqua tra geopolitica, diritti, arte e spiritualità), якая прайшла ў Пасольстве Італіі пры Апостальскай Сталіцы ў Рыме.
Мерапрыемства стала нагодай для таго, каб абмеркаваць небяспечны крызіс водных рэсурсаў, ад якога галоўным чынам пакутуюць самыя бедныя краіны, але на палях сустрэчы кардынал Паралін пракаментаваў таксама некаторыя іншыя актуальныя падзеі: вайну ва Украіне, яго нядаўняе падарожжа ў Афрыку і прызначэнне трох жанчын у Дыкастэрыю па справах біскупаў.
“Папа хоча паехаць ва Украіну і паедзе як толькі гэта будзе магчыма”, - запэўніў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, пацвярджаючы намер Пантыфіка адправіцца ў Кіеў, каб выказаць сваю блізкасць украінскаму народу, змучанаму ад ваеннага насілля.
Адказваючы на пытанне пра палітычныя хваляванні ў еўрапейскіх урадах, якія абвастрыла вайна ва Украіне, кардынал Паралін сказаў: “Я лічу, што ў цяперашняй сусветнай сітуацыі, чым больш стабільны ўрад, тым лепш ён можа справіцца са шматлікімі выклікамі, якія ўзнікаюць, а гаворка ідзе пра эпахальныя выклікі. Ніхто не мог падумаць, што гэта вайна прывядзе да агульнага крызісу, у тым ліку харчовага і энергетычнага. Таму відавочна, што, калі ёсць нехта, хто трымае сітуацыю пад кантролем, гэта аблягчае яе вырашэнне”. “Мы павінны працаваць усе разам, а не раз’ядноўвацца”, - дадаў Дзяржсакратар.
Гаворачы пра сваё нядаўняе падарожжа ў Афрыку, кардынал Паралін сказаў: “Я наведаў Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвы Судан, каб запэўніць жыхароў гэтых дзвюх краін у тым, што Папа мае намер прыехаць да іх, а паездку адклалі выключна з-за стану яго здароўя”. Іерарх патлумачыў, што цяпер неабходна выбраць найбольш прыдатны перыяд для папскага візіту, каб не трапіць на сезон дажджоў, якія б ускладнілі яго. Ён таксама падкрэсліў, што гэты перыяд у Паўднёвым Судане і Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга не супадае, таму падарожжа павінна быць старанна спланаваным.
Дзяржсакратар пракаментаваў таксама прызначэнне Святым Айцом трох жанчын у склад Дыкастэрыі па справах біскупаў, заўважаючы, што “працягваецца адкрыццё Касцёла на свет жанчын”. Ён нагадаў, што раней жанчыны ніколі не працавалі ў такой важнай ватыканскай структуры, якая рыхтуе для Папы дакументацыю адносна прызначэння новых біскупаў, а магчымасць такой намінацыі, на думку кардынала, з’яўляецца наступствам новай Апостальскай канстытуцыі аб Рымскай курыі Praedicate Evangelium.