ҽ

Папа падчас інтэрв'ю агентву Reuters Папа падчас інтэрв'ю агентву Reuters 

Папа не думае пра адрачэнне і плануе паехаць у Маскву і Кіеў

Францішак даў інтэрв’ю агенцтву Reuters, у якім абверг чуткі адносна стану свайго здароўя і намеру адрачыся ад служэння на пасадзе Біскупа Рыма, а таксама пацвердзіў намер здзейсніць візіт у Расію і Украіну.

Аляксандр Панчанча – Pope

Гаворачы пра сітуацыю ва Украіне, Папа распавёў, што былі кантакты паміж кардыналам Дзяржсакратаром П’етра Паралінам і Міністрам замежны спраў Расіі Сяргеем Лаўровым адносна магчымай паездкі ў Маскву, але першыя сігналы не былі станоўчымі. Пра магчымасць такога падарожжа ўпершыню гаварылася некалькі месяцаў таму, але, як патлумачыў Пантыфік, Масква адказала, што гэта неадпаведны момант. Францішак, аднак, даў зразумець, што цяпер, магчыма, нешта змянілася.

“Я хацеў бы паехаць ва Украіну, а спачатку хацеў паехаць у Маскву. Мы абмяняліся пасланнямі на гэты конт, бо я думаў, што расійскі прэзідэнт адкрые мне невялікае акенца, каб мог паслужыць справе міру... І цяпер, магчыма, пасля майго вяртання з Канады, я змагу паехаць ва Украіну”, - сказаў Святы Айцец, дадаючы, што ў першую чаргу варта паехаць у Расію, каб паспрабаваць нейкім чынам дапамагчы вырашыць сітуацыю. У той жа час ён падкрэсліў, што “хацеў бы паехаць у абедзве сталіцы”.

Пантыфік таксама абверг чуткі пра яго намер пакінуць служэнне на Пасадзе святога Пятра. Яны шырока распаўсюджваюцца на працягу апошніх тыдняў у сувязі з прызначэннем на канец жніўня кансісторыя, а таксама хуткім візітам Францішка ў Аквілу – італьянскі горад, у якім пахаваны Цэлестын V – Папа, што адмовіўся ад служэння Біскупа Рыма ў 1294 годзе. Святы Айцец запэўніў, што гэтыя факты – супадзенне. “Мне ніколі такое не прыходзіла ў галаву. На дадзены момант – не!”, - падкрэсліў ён.

Францішак патлумачыў, што магчымасць сысці з пасады можа разглядацца, асабліва пасля рашэння Бэнэдыкта XVI у 2013 годзе, у выпадку, калі па стане здароўя яму будзе немагчыма працягваць яго служэнне. Але на пытанне, калі гэта можа адбыцца, ён адказаў: “Мы не ведаем. Гэта скажа Бог”.

Каментуючы боль у калене, Папа прызнаўся, што рашэнне адкласці падарожжа ў Афрыку ў сувязі з патрэбай у тэрапіі і адпачынку, было для яго вельмі балючым, у першую чаргу таму, што ён хацеў паспрыяць міру ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга і Паўднёвым Судане.

Пантыфік распавёў падрабязнасці пра стан свайго калена, адзначыўшы, што атрымаў “невялікую расколіну”, калі зрабіў неасцярожны крок, маючы запаленую звязку. “Я ў парадку, паціху папраўляюся”, - дадаў ён, патлумачыўшы, што расколіна зрастаецца дзякуючы лазернай і магнітнай тэрапіі.

Францішак таксама абверг чуткі пра тое, што год таму, калі ён перанёс аперацыю па выдаленні часткі тоўстай кішкі з-за дывертыкуліту, звычайнага захворвання пажылых людзей, у яго дыягнаставалі рак. “Аперацыя прайшла з вялікім поспехам”, - запэўніў ён, прызнаючыся, аднак, што не хоча рабіць аперацыю на калене, бо агульны наркоз пасля мінулагодняга хірургічнага ўмяшання даў негатыўныя пабочныя эфекты.
 

04 ліпеня 2022, 12:26