Папа да моладзі: зрабіць Еўропу зямлёй міру, свабоды і годнасці
Аляксандр Панчанка - Pope
Францішак выказаў сваю надзею на тое, што маладыя людзі змогуць ператварыць “стары кантынент” у “новы кантынент”, бо яны з’яўляюцца “ўважлівымі, менш ідэалагізаванамі, прызвычаенымі вучыцца ў іншых еўрапейскіх краінах, адкрытымі на валанцёрства, адчувальнымі да тэмы асяроддзя”.
“Вы, еўрапейская моладзь, маеце важную місію. Калі ў мінулым вашы продкі імкнуліся на іншыя кантыненты не заўсёды з высакароднымі мэтамі, цяпер вам належыць даць свету новае аблічча Еўропы”, - дадаў ён.
Спасылаючыся на версію пра тое, што назва “Еўропа” паходзіць ад выразу “eurús op”, што значыць “вялікае вока”, “шырокі позірк”, Папа прызнаўся, што думае пра еўрапейскую моладзь, як пра людзей з адкрытым позіркам, здольных глядзець шырока.
Францішак падзяліўся думкамі пра Глабальны адукацыйны саюз, які прадугледжвае супрацоўніцтва паміж настаўнікамі ва ўсім свеце дзеля навучання новых пакаленняў братэрству. Аднак, гледзячы на тое, што адбываецца ў свеце, якім кіруюць дарослыя і пажылыя, здаецца, што “менавіта моладзь павінна навучыць старэйшых братэрству і мірнаму суіснаванню”, - заўважыў Папа, заклікаючы маладых людзей зрабіць свой голас больш чутным.
Папа заахвоціў юнакоў і дзяўчат быць адкрытымі і інклюзіўнымі, не дыскрымінаваць нікога, памятаючы, што “мільёны еўрапейцаў у мінулым павінны былі эміграваць на іншыя кантыненты ў пошуку будучыні”. “Я таксама з’яўляюся сынам італьянскіх эмігрантаў у Аргентыне”, - дадаў Святы Айцец.
Францішак заклікаў моладзь быць уважлівай да навакольнага асяроддзя, перамагаючы актуальную тэндэнцыю да самазнішчэння. Ён нагадаў пра патрэбу зменшыць выкарыстанне выкапнёвага паліва, падкрэсліваючы, што “у некаторых частках свету, трэба менш спажываць мяса”. Папа заклікаў моладзь быць сціплай, не імкнуцца да раскошы, не абмяжоўваць свой позірк выключна “маленькай Еўропай”.
Пантыфік узгадаў таксама пра Украіну, дзе “ідзе абсурдная вайна”, якая робіць яшчэ больш неадкладным Глабальны адукацыйны саюз, пакліканы навучыць усіх братэрству. “Ідэя адзінай Еўропы нарадзілася з моцнага прагнення міру пасля шматлікіх войнаў, што адбываліся на кантыненце”, - напісаў Папа, заклікаючы прыкладаць сумесная намаганні, каб пакласці канец вайне, “дзе, як звычайна, некалькі ўплывовых людзей прымаюць рашэнні і пасылаюць тысячы маладых людзей ваяваць і паміраць”. “У такіх выпадках дазволена бунтаваць!”, - падкрэсліў Святы Айцец.
“Нехта сказаў, што калі б светам кіравалі жанчыны, не было б столькі войнаў, бо тыя, хто мае місію даваць жыццё, не могуць рабіць выбар на карысць смерці. Аналагічным чынам мне прыемна думаць, што не было б столькі войнаў, калі б светам кіравала моладзь: тыя, хто мае цэлае жыццё наперадзе, не хочуць паламаць і выкінуць яго, але хочуць пражыць яго напоўніцу”, - дадаў Пантыфік.
Папа паставіў у прыклад благаслаўлёнага Франца Егергштэтэра, маладога аўстрыйскага селяніна, які, кіруючыся сваёй каталіцкай верай, адмовіўся прысягнуць на вернасць Гітлеру і паехаць на вайну, за што падвяргаўся жорсткай крытыцы і ўрэшце быў забіты ў турме нацыстамі, незразуметы нікім акрамя яго жонкі. “Нягледзячы на падлашчванні і катаванні Франц аддаў перавагу таму, каб загінуць, але не забіваць. Ён лічыў вайну абсалютна неапраўдальнай. Калі б усе юнакі, пакліканыя да зброі, зрабілі як ён, Гітлер не змог быць рэалізаваць свае д’ябальскія задумы. Зло, каб перамагчы, заўсёды мае патрэбу ў саўдзельніках”, - падкрэсліў Святы Айцец, нагадваючы таксама, што падобны лёс напаткаў маладога нямецкага лютэранскага тэолага і антынацыста Дзітрыха Банхёфера.
На заканчэнне паслання Папа пажадаў моладзі быць “здольнай ствараць новыя ідэі, новае бачанне свету, эканомікі, палітыкі, грамадскага суіснавання”, “новыя шляхі, якімі трэба ісці разам”, быць шчодрымі ў нараджэнні новага жыцця, заўсёды і выключна з любові: “любові да свайго мужа, да сваёй жонкі, любові да сям’і, да сваіх дзяцей, а таксама да Еўропы, каб яна была зямлёй міру, свабоды і годнасці”.