ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Папа: пакласці канец вар’яцкай вайне ва Украіне

Падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая 10 ліпеня 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак скіраваў заклік адносна складанай сітуацыі ў Шры-Ланцы, Лівіі і Украіне.

Аляксандр Панчанка - Pope

“Зноў выказваю маю блізкасць украінскаму народу, які штодзённа пакутуе ад жорсткіх абстрэлаў: за іх расплачваюцца звычайныя людзі. Малюся за ўсе сем’і, асабліва за пацярпелых, параненых і хворых, малюся за пажылых людзей і дзяцей. Няхай Пан укажа шлях, каб пакласці канец гэтай вар’яцкай вайне!”, - пажадаў Пантыфік.

Папа выказаў таксама салідарнасць з жыхарамі Шры-Ланкі, якія працягваюць адчуваць наступствы палітычнай і эканамічнай нестабільнасці. Ён далучыўся да закліку мясцовых біскупаў да міру, а таксама заахвоціў людзей, якія маюць уладу, не ігнараваць крык бедных і людскія патрэбы.

Францішак звярнуў увагу на сітуацыю ў Лівіі, асабліва на цяжкасці маладых людзей і ўсіх, хто пакутуе ад сур'ёзных грамадскіх і эканамічных праблем гэтай краіны. “Заклікаю ўсіх да абноўленага пошуку пераканаўчых рашэнняў, з дапамогай міжнароднай супольнасці, праз канструктыўны дыялог і нацыянальнае паяднанне”, - сказаў Папа.

Спасылаючыся на Нядзелю мора, якая ў другую нядзелю ліпеня адзначаецца многімі хрысціянскімі супольнасцямі, Святы Айцец выказаў блізкасць маракам, а таксама капеланам і валанцёрам душпастырскай службы Stella Maris. “Даручаю Багародзіцы маракоў, якія былі заблакаваны ў зонах ваенных канфліктаў, каб маглі вярнуцца дамоў”, - падкрэсліў Францішак.

 

10 ліпеня 2022, 12:55