ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік: у дыялогу можна знайсці лепшы спосаб жыць разам

“Каштоўнасць прыкладу і досвед тых, хто прысвячае час служэнню іншым, стымулюе да пераасэнсавання нашага спосабу жыцця”, - выказаў перакананасць Святы Айцец.

Ян Глінскі - Pope

Папа напісаў прадмову да кнігі “Братэрскія дыялогі” (Diálogos Fraternos), апублікаванай 14 ліпеня 2022 г. Міністэрствам замежных спраў і веравызнанняў Аргентыны. У зборнік увайшлі разважанні 17-ці вядомых сучасных прадстаўнікоў рэлігіі, культуры і грамадства розных веравызнанняў на тэму чалавечага братэрства.

“Заклік ісці разам – разважаць, адчуваць, працаваць, выказвацца, шукаць пачуццё датычнасці і магчымасць перамен – вось што мы знойдзем на наступных старонках, дзе сабраны і агучаны досвед суразмоўцаў і іх народаў, – заўважыў Пантыфік. – Каштоўнасць прыкладу і досвед тых, хто прысвячае час служэнню іншым, стымулюе да пераасэнсавання нашага спосабу жыцця, узаемаадносін, арганізацыі грамадства і, перш за ўсё, сэнсу нашага суіснавання“.

Святы Айцец звярнуў увагу, што чалавек патрабуе чалавека, бо ніхто не можа збавіцца сам па сабе. “У дыялогу з іншымі – незалежна ад паходжання – мы можам расчыніць окны, нанова пашырыць гарызонты і з крэатыўнасцю адшукаць лепшы спосаб жыць разам”, - запэўніў Францішак.

“Благаслаўлёны той, хто любіць іншага, “будучы побач з ім або далёка ад яго”, – працытаваў Папа святога Францішка Асізскага. – У гэтым духу я запрашаю вас распачаць размову з гэтымі “Братэрскімі дыялогамі” і не баяцца ісці разам, вывучаючы і цэнячы нават нашыя адрозненні. Няхай гэтая сустрэча дазволіць нам разам марыць пра сацыяльнае сяброўства, пра годнасць нашых народаў, а таксама пра свет без адкідаў, у якім не будзе недахопу ў зямлі, жыллі, хлебе або працы; пра мір, у якім надзея заахвочвае працаваць на шляху да лепшых гарызонтаў. Працаваць дзеля міру, у якім братэрства выражаецца не толькі ў глыбокіх і важных словах, але перш за ўсё ў стварэнні гісторыі”.

Святы Айцец у сваёй прадмове пажадаў, каб “Братэрскія дыялогі” знайшлі “ў нашым уяўленні настолькі моцны водгук, каб мы захацелі ўвасобіць іх у жыццё”. “Давайце пачнем дыялог”, – падсумаваў Пантыфік.

15 ліпеня 2022, 06:37