ҽ

Анёл Панскі: за кожнай вайной і канфліктам стаіць прагнасць

Добрае жыццё залежыць не ад багаццяў, а ад адносін: з Богам, іншымі і тымі, хто мае менш, - заўважыў Папа падчас сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, 31 ліпеня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Pope

Францішак пракаментаваў літургічны евангельскі ўрывак на XVIII Звычайную нядзелю, у якім распавядаецца, як адзін чалавек звярнуўся да Езуса з просьбай: “Настаўнік, скажы брату майму, каб ён падзяліўся са мною спадчынай” (Лк 12, 13-21). Гаворка ідзе пра вельмі частую сітуацыю: “колькі братоў і сясцёр, колькі членаў адной сям’і сварацца і магчыма больш не размаўляюць паміж сабой з-за спадчыны!”, - зазначыў ён.

Святы Айцец падкрэсліў, што Езус, адказваючы гэтаму чалавеку, не ўваходзіў у дэталі, але, сягаючы да каранёў падзелаў, выкліканы валоданнем рэчамі, сказаў: “Сцеражыцеся ўсялякай прагнасці” (Лк 12,15).

“Што такое прагнасць? – Гэта нястрымнае жаданне валодаць рэчамі, заўсёды ўзбагачацца. Гэта хвароба, якая губіць людзей, бо прага валодання выклікае залежнасць. У першую чаргу, той, хто мае шмат, ніколі не бывае задаволены: заўсёды хоча большага і толькі для сябе. Але так ён перастае быць свабодным: становіцца прывязаным, нявольнікам таго, што парадаксальным чынам павінна было служыць яму для свабоднага і спакойнага жыцця. Замест таго, каб паслугоўвацца грашыма, ён становіцца іх слугой. Але прагнасць – гэта хвароба, небяспечная таксама для грамадства: з-за яе сёння мы дайшлі да іншых парадоксаў, да несправядлівасці, якой ніколі раней не было ў гісторыі, дзе нямногія маюць шмат, а многія маюць мала. Падумаем таксама пра войны і канфлікты: амаль заўсёды яны звязаны з прагай рэсурсаў і багаццяў. Колькі бізнесаў стаіць за вайной! Безумоўна, адзін з іх – гэта гандль зброяй”, - сказаў Пантыфік.

“Езус вучыць нас сёння, што ў аснове ўсяго гэтага знаходзяцца не толькі нейкія магутныя ці пэўныя эканамічныя сістэмы, а прагнасць у сэрцы кожнага. І таму паспрабуем спытацца: наколькі я не прывязаны да дабротаў, да багаццяў? Ці скарджуся на тое, чаго мне не хапае, або ўмею задавальняцца тым, што маю? Ці маю спакусу ў імя грошай і магчымасцей ахвярававаць адносінамі і часам для іншых? І яшчэ: ці здараецца мне прыносіць законапаслухмянасць і сумленнасць на алтар прагнасці? Я сказаў на “алтар”, бо матэрыяльныя даброты, грошы, багацці могуць стаць культам, сапраўдным ідалапаклонствам. Таму Езус перасцерагае нас моцнымі словамі. Кажа, што нельга служыць двум гаспадарам, і – будзем уважлівымі – не кажа Богу і д’яблу, ці дабру і злу, але Богу і багаццям. Паслугоўвацца багаццямі – так; служыць багаццю – не: гэта ідалапаклонства, гэта абраза Бога”, - сцвердзіў Пантыфік.

На думку Папы, можна хацець стаць багатым, гэта справядлівае жаданне, і нават “цудоўна быць багатымі, але багатымі паводле Бога!”. “Бог – найбагацейшы з усіх: Ён багаты спагадай, міласэрнасцю. Яго багацце не абядняе нікога, не стварае сварак і падзелаў. Гэта багацце, якому падабаецца даваць, размяркоўваць, дзяліцца. Браты, сёстры, назапашваць матэрыяльныя даброты не дастаткова, каб добра жыць, бо – яшчэ кажа Езус – жыццё не залежыць ад таго, чым валодаем. Яно залежыць ад добрых адносін: з Богам, з іншымі, а таксама з тымі, хто мае менш. Таму, давайце спытаемся ў сябе: якім чынам хачу ўзбагаціцца я? Паводле Бога ці паводле маёй прагнасці? І, вяртаючыся да тэмы спадчыны: якую спадчыну хачу пакінуць? Грошы ў банку, матэрыяльныя рэчы, ці радасных людзей вакол сябе, добрыя ўчынкі, якія не забываюцца, людзей, якім дапамог расці і сталець?”, - сказаў Папа.

“Няхай Багародзіца дапаможа нам зразумець, што такое сапраўдныя жыццёвыя даброты, якія застануцца назаўсёды”, - пажадаў Пантыфік перад марыйнай малітвай.
 

31 ліпеня 2022, 12:24

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >