Святы Айцец: інтэрнэт можаць быць прасторай сустрэчы і слухання
Аляксандр Панчанка – Pope
Пантыфік заўважыў, што востры перыяд пандэміі “дазволіў асэнсаваць наколькі карыснымі могуць быць тэхналагічныя прылады і сацыяльныя сеткі”. Ён нагадаў, што тады Касцёл сутыкнуўся з мноствам праблем, звязаных з адсутнасцю магчымасці сустракацца, супольна ўдзельнічаць у Эўхарыстыі ці знаходзіцца побач з хворымі блізкімі людзьмі.
Францішак высока адзначыў крэатыўнасць многіх святароў, якія імкнуліся падтрымліваць міжчалавечыя і грамадскія адносіны, выкарыстоўваючы тэхналогіі і сацыяльныя сеткі, а таксама, каб трымаць Божы народ у кантакце з Яго словам, даючы магчымасць удзельнічаць у святой Імшы анлайн.
“Сацыяльныя сеткі выкарыстоўваліся, каб падтрымліваць стасункі, паведамляць пра патрэбы, не адчуваць сябе самотнымі, распачынаць дабрачынныя ініцыятывы, працягваць бачыць абліччы адзін аднаго ў чаканні новай сустрэчы”, - зазначыў Святы Айцец. На думку Папы, здараліся таксама і памылкі, аднак, “калі ў цэнтры такіх спроб знаходзілася пасланне, што павінна было перадавацца, а не імкненне быць у цэнтры ўвагі, тых, хто яго перадаваў, такія ініцыятывы былі карыснымі”.
Пантыфік спаслаўся на меркаванне экспертаў, якія лічаць, што некаторыя змены, што адбыліся з-за больш частага выкарыстання тэхналогій для анлайн-сустрэч, магчыма, яшчэ надоўга захаваюцца нават пасля заканчэння надзвычайнай сітуацыі, выкліканай пандэміяй. У той жа час ён папярэдзіў, што “віртуальная сустрэча не замяняе і ніколі не зможа замяніць сапраўдную сустрэчу”.
“Фізічная прысутнасць на ламанні эўхарыстычнага хлеба, міласэрная любоў, позірк вочы ў вочы, абдымкі, супольнае служэнне Езусу ў бедных, пацісканне рукі хворага – гэта досвед, які належыць да нашага штодзённага жыцця, і ніякая тэхналогія ці сацыяльная сетка ніколі не зможа замяніць яго”, - сцвердзіў Францішак.
“Яшчэ трэба шмат зрабіць, каб разам узрастаць ва ўсведамленні важнасці, але таксама рызык, звязаных з выкарыстаннем гэтых прылад. Трэба яшчэ шмат зрабіць, каб навучыцца слухаць; каб заахвочваць і фармаваць моладзь, карэнных жыхароў лічбавага свету, каб былі ў стане ажывіць парафіяльныя сайты. Інтэрнэт і сацыяльныя сеткі могуць быць па-сапраўднаму населенымі людзьмі, якія сведчаць пра прыгажосць хрысціянскай веры, прапануюць перажытыя гісторыі веры і любові, на сучаснай мове пераказваюць надзвычайную навіну Евангелля, слухаюць, што апосталы і вучні вучыліся рабіць у Езуса. Мы на ўласным досведзе ведаем, што толькі асабістая сустрэча з Езусам, не ананімная, змяняе жыццё. Мы ведаем, бо гэта наш штодзённы досвед, што любоў павінна ўмацоўвацца сустрэчай, слуханнем і суіснаваннем у штодзённасці. Мы ведаем, што ў лічбавым свеце віртуальная сустрэча ніколі не зможа замяніць сустрэчу тварам у твар. Але лічбавы свет населены і павінен быць населены хрысціянамі. Магчыма маладыя людзі, абапіраючыся на сваю веру, змогуць стаць заўтра галоўнымі дзеючымі асобамі новых форм сацыяльных сетак і больш чалавечай камунікацыі, больш здольнай да слухання і сапраўднага дзялення: таксама і інтэрнэт, тэрыторыя, дзе часам здаецца пераважае голас таго, хто крычыць гучней, і бруд fake news, можа стаць прасторай сустрэчы і слухання”, - перакананы Святы Айцец.