ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Пантыфік да сем’яў: жыць з позіркам, скіраваным у Неба

Пра важнасць сакрамэнту сужэнства, прыняцця крыжа, прабачэння, гасціннасці і братэрства нагадаў Папа ўдзельнікам Фестываля сем’яў, які прайшоў 22 чэрвеня 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Pope

Гэта святочная падзея дала пачатак Х Сусветнай сустрэчы сем’яў, якая сёлета праходзіць адначасова ў Рыме і мясцовых Касцёлах ва ўсім свеце. Вітаючы прысутных, Пантыфік заўважыў, што яна адбываецца ў перыяд, пазначаны пандэміяй каронавіруса і вайной, якая ахапіла таксама еўрапейскі кантынент. Ён падзякаваў усім, хто зрабіў унёсак у арганізацыю форума і падзяліўся сваімі сведчаннямі.

Спасылаючыся на сведчанне пары, якая прыняла рашэнне аб заключэнні касцёльнага шлюбу з дапамогай сямейнай групы, Францішак падкрэсліў, што сакрамэнт сужэнства, гэта не фармальнасць – ён заключаецца таму, што людзі прагнуць, каб іх сужэнства грунтаваўся на любові Хрыста, моцнай як склала.

“У сакрамэнце сужэнства Езус дорыць сябе вам, каб вы мелі сілы ўзаемна прыносіць сябе ў дар. Таму, будзьце мужнымі: сужэнства не з'яўляецца немагчымай місіяй! Дзякуючы ласцы сакрамэнту Бог робіць так, што яно становіцца цудоўным шляхам, якім трэба ісці разам з Ім, ніколі не ў адзіночку. Сям’я не з’яўляецца прыгожым, але недасяжным у рэчаіснасці ідэалам. Бог гарантуе сваю прысутнасць у сужэнстве і сям’і, не толькі ў дні шлюбу, але на ўсё жыццё. І Ён падтрымлівае вас кожны дзень на вашым шляху”, - запэўніў Папа.

Каментуючы досвед сям’і, адна з дачок у якой вырашыла ахвяраваць сваім жыццём, каб уратаваць дзіця, што насіла пад сэрцам, Пантыфік заўважыў, што Бог змясціў у яе сэрцы праўду пра святасць жыцця. Таму яна пажадала ўратаваць жыццё свайго дзіцяці коштам уласнага. “Няхай яна натхняе нас на нашым шляху да святасці і няхай Пан падтрымае і зробіць плённым кожны крыж, які павінны несці сем’і”, - пажадаў Францішак.

Чарговае сведчанне прадставілі сужонкі, якія пасля сур’ёзнага крызіса спазналі ўзаемнае прабачэнне і глыбокае паяднанне. Папа падкрэсліў, што распад сям’і – гэта трагедыя, побач з якой нельга праходзіць з абыякавасцю. Ён нагадаў, што ў глыбіні сэрца кожнага чалавека ляжыць прагненне бясконцай любові. Святы Айцец заўважыў таксама, што прабачэнне лечыць усе раны, з’яўляецца дарам, што вынікае з ласкі, якой Хрыстус напаўняе сужонкаў і ўсю сям’ю, калі дазваляем Яму дзейнічаць. Адначасова дзеці бачаць пакору, калі іх бацькі просяць прабачэння адзін у аднаго, і сілу, якую атрымліваем ад Бога, каб уставаць пасля падзення.

“Яны таксама будуць рабіць памылкі ў жыцці і пазнаюць, што не з’яўляюцца дасканалымі, але будуць памятаць, што Пан нас уздымае, што ўсе мы грэшнікі, якія былі прабачаны, што павінны прасіць аб прабачэнні і самі павінны прабачаць іншых”, - дадаў Папа.

Пра патрэбу гасціннасці Пантыфік казаў, спасылаючыся на сведчанне рымскай сям’і, якая прыняла сям’ю з Украіны, вымушаную ўцякаць ад вайны. Звяртаючыся да ўкраінцаў Францішак заўважыў, што вайна прымусіла іх сутыкнуцца з чалавечым цынізмам і жорсткасцю, але яны сустрэлі таксама людзей з вялікім гуманізмам.

Звяртаючыся да рымскай шматдзетнай сям’і, якая прыняла бежанцаў, Папа падкрэсліў, што гэта велікадушнасць і адкрытасць з’яўляецца рысай сем’яў, у якіх шмат дзяцей. “У сям’і мы жывём дынамікай гасціннасці, бо, па-першае, сужонкі прынялі адзін аднаго, кажучы адзін аднаму ў дзень шлюбу: “бяру цябе”. А потым, нараджаючы дзяцей, яны прынялі жыццё новых стварэнняў”, - сказаў Пантыфік, заўважаючы, што сем’ям уласціва прымаць слабых: няпоўнаспраўнае дзіця, пажылога чалавека, які патрабуе апекі, сваяка ў цяжкай сітуацыі, які не мае нікога. “Гэта дае надзею. Сем’і – гэта месца гасціннасці, і гора, калі іх будзе не хапаць! Без гасцінных сем’яў грамадства стала б халодным і непрыдатным для жыцця”, - дадаў Пантыфік.

Спасылаючыся на сведчанне шматканфесійнай сям’і, якая актыўна дапамагае бедным, Францішак адзначыў, што сям’і таксама з’яўляецца месцам практыкавання братэрства. Ён падкрэсліў, што ў такой сям’і бачна прыгажосць чалавечай любові, любоў да жыцця, альтруізм, а таксама вернасць уласным перакананням і рэлігійнай традыцыі. “У сям’і, жывучы разам з іншымі, якія адрозніваюцца ад мяне, мы вучымся быць братамі і сёстрамі. Вучымся пераадольваць падзелы, прадузятасць, закрытасць і разам будаваць нешта вялікае і прыгожае, пачынаючы з таго, што нас яднае”, - сказаў Святы Айцец.

На заканчэнне Францішак заклікаў сем’і задумацца пра тое, якога “наступнага кроку” чакае ад іх Бог, каб “маглі перамяніць свет і зрабіць яго “домам” для тых, хто патрабуе прыняцця, сустрэчы з Хрыстом і адчування сябе любімымі. “Мы павінны жыць з позіркам, скіраваным у Неба”, - заахвоціў сем’і Пантыфік.
 

23 чэрвеня 2022, 08:42