Папа чарговы раз заклікаў спыніць бразганне ядзерным арсеналам
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Як адзначыў Францішак, пастаноўка такой патрабавальнай мэты, як свет без ядзернай зброі, стала яшчэ больш актуальнай у сённяшняй сітуацыі. Хоць размова пра раззбраенне ў нашы дні можа здацца парадаксальнай, у падыходзе да міжнароднай бяспекі патрэбна дальнабачнасць.
Святы Айцец нагадаў аб тым, што мір непадзельны, яго немагчыма дасягнуць індывідуальна. “Калі мір, бяспека і стабільнасць не будуць гарантаваны ва ўсім свеце, імі ўвогуле нельга будзе скарыстацца”, - лічыць ён.
Сярод асноўных пагроз міру Пантыфік назваў тэрарызм, асіметрычныя канфлікты, кібернебяспеку, экалагічныя праблемы, беднасць. Ядзернае стрымліванне, перакананы ён, неадэкватнае, калі гаворка ідзе пра адказ на гэтыя выклікі. Больш за тое, ядзерная зброя з'яўляецца “мультыплікатарам рызыкі”; яна стварае выключна ілюзію міру. Не толькі выкарыстанне, але і само валоданне атамнымі бомбамі з'яўляецца амаральным і стварае ілжывае пачуццё бяспекі, якое дасягаецца за кошт “балансу тэрору” і “атручвання адносін” паміж краінамі, перашкаджаючы сапраўднаму дыялогу. Гэта “шантаж”, які павінен “абуджаць агіду ў сумленні чалавецтва”.
Імкненне да раззбраення павінна быць шматузроўневым і ўключаць як дзяржаўную, так і прыватную сферы. Тут важная адукацыя, бо яна дазваляе маладым людзям усвядоміць небяспеку, звязаную з ядзерным арсеналам, і замацаваць маральныя абавязацельствы, які тычацца імкнення да міру, для цяперашніх і будучых пакаленняў. Выкананне міжнародных пагадненняў – гэта не слабасць, а выяўленне сілы і адказнасці.
“Хацеў бы заахвоціць вас, прадстаўнікоў дзяржаў, міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці, працягваць абраны вамі шлях пашырэння культуры жыцця і міру, заснаванай на годнасці чалавечай асобы і ўсведамленні таго, што ўсе мы браты і сёстры”, - напісаў Францішак да ўдзельнікаў антыядзернай нарады, якая праходзіць з 21 па 23 чэрвеня 2022 года ў Вене.