Францішак: святарства – гэта не прафесія, а дар і місія
Аляксандр Панчанка – Pope
Быць галоўнымі дзеючымі асобамі гісторыі, знаходзячыся побач з людзьмі і захоўваючы пастырскі стыль, якому ўласцівы блізкасць, спагада і ласкавасць, - заклікаў сваіх гасцей Пантыфік, падкрэсліваючы, што актуальная змена эпох, патрабуе мужных рашэнняў, асветленых адкрытасцю на Святога Духа.
Францішак адзначыў важнасць захавання ўвагі да актуальнай сацыяльнай сітуацыі на востраве, дзе заўсёды былі паводзіны, пазначаныя вялікімі цнотамі і жорсткімі зверствамі, суіснавалі шэдэўры мастацтва і невымерная занядбанасць, высокая культура і людзі, якія засталіся за бортам годнага жыцця. Гэта зямля, дзе кроў пралівалася не толькі рукамі злачынцаў, але таксама ў выніку пакорнага і гераічнага супраціву святых і справядлівых людзей, слугаў Касцёла і дзяржавы, дадаў Пантыфік.
Папа заклікаў святароў да самаадданага служэння ў гэтым кантэксце, з захаваннем асаблівай увагі да моладзі, якая ў парафіях і касцёльных рухах хоча знайсці дапамогу ў сваім пошуку сэнсу жыцця.
Святы Айцец асаблівым узгадаў пра сведчанне двух сіцылійскіх благаслаўлёных, забітых мафіяй: ксяндза Піна Пулізі і суддзю Разарыё Ліваціна. Ён выказаў перакананасць у тым, што сіцылійцы дагэтуль глядзяць на святароў, як на духоўны і маральны прыклад, як на людзей, што могуць паспрыяць і палепшыць грамадскую і сацыяльную сітуацыю на востраве, падтрымаць сем’і і служыць арыенцірам для моладзі.
Францішак нагадаў пра эўхарыстычную духоўнасць святароў, пакліканых быць людзьмі, што прыносяць сябе ў дар “штодзённа, без адпачынку і няспынна”. “Святарства – гэта не прафесія, а дар; не род дзейнасці, які можа быць выкарыстаны для будавання кар’еры, але місія”, - дадаў Папа, заклікаючы сіцылійскае духавенства ўмацоўваць братэрства паміж сабой і імкнуцца зрабіць жыццё ў цэлібаце па-сапраўднаму плённым, углядаючыся ў сведчанне Багародзіцы, якая цалкам прысвяціла сябе Богу і стала Маці ўсіх.