Францішак запрасіў сем’і быць місіянерамі на дарогах свету
Будзьце знакам жывога Хрыста, давярайцеся любові, якую Бог уклаў у вас, і кожны дзень маліцеся да Духа Святога, каб яе ажывіць, - заахвоціў сем’і Папа 25 чэрвеня 2022 года, напрыканцы Імшы на плошчы святога Пятра.
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Развітваючыся з удзельнікамі 10-й Сусветнай сустрэчы сем’яў, Францішак запрасіў іх “быць місіянерамі на дарогах свету”. “Вы не самотныя ў гэтым падарожжы! Вы, маладыя сем’і, дазвольце весці сябе тым, хто ведае дарогу. Вы, хто прайшоў большы шлях, станьце спадарожнікамі для іншых. Вы, якія згубіліся з прычыны цяжкасцей, не дазваляйце смутку апанаваць вас, даверцеся любові, якую Бог уклаў у вас, і кожны дзень маліцеся да Духа Святога, каб яе ажывіць”, - звярнуўся Папа.
Пантыфік папрасіў сем’і жыць у радасці. “Пакажыце дзецям і моладзі ласку хрысціянскага сужэнства. Дайце надзею тым, каму яе не хапае. Дзейнічайце так, быццам усё залежыць ад вас, ведаючы, што ўсё павінна быць даручана Богу”, - заклікаў ён.
26 чэрвеня 2022, 12:06