Францішак чакае зручнага моманту для візіту ва Украіну
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак прыняў групу каля 160 дзяцей – выхаванцаў цэнтра для слабавідушчых Sant'Alessio - Margherita di Savoia. Да іх далучыліся дзеці-бежанцы з Украіны, якія знайшлі прытулак у рымскай грэка-каталіцкай парафіі святой Сафіі. Сустрэча праходзіла ва ўнутраным дворыку Апостальскага палаца. Святы Айцец паведаміў, што неўзабаве правядзе размовы з украінскімі ўладамі на тэму магчымасці візіту.
Дзіцячы панадворак вярнуўся ў Ватыкан пасля двухгадовага перапынку. У яго рамках Святы Айцец прымае дзяцей, што знаходзяцца ў асабліва цяжкай сацыяльнай сітуацыі. Ініцыятыва – не проста аднаразовае мерапрыемства, а педагагічнае і асветніцкае падарожжа, якое працягваецца ўвесь год. Яна з’яўляецца часткай больш шырокага праекта Панадворак язычнікаў – цыкла сустрэч, накіраваных на дыялог паміж вернікамі і няверуючымі, а таксама на садзейнічанне інтэграцыі, сацыяльнай інклюзіі і барацьбу з дыскрымінацыяй і прадузятасцю. Каардынацыяй займаецца Папская рада па культуры.
Пасля сустрэчы ў сваім Твітары Францішак напісаў: “Давайце разам памолімся за дзяцей-сірот і дзяцей, якія вымушаны ўцякаць ад вайны, якія пакутуюць ад голаду, адсутнасці клопату, злоўжыванняў і насілля ва ўсім свеце. Памолімся за тых, каму адмоўлена ў праве на нараджэнне. Абаронім дзяцей!".