Анёл Панскі з Папам: Тройца вучыць нас жыць з іншымі і для іншых
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Разважаючы над фрагментам Евангелля, прызначаным на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (Ян 16, 12-15), Францішак падкрэсліў, што Дух Святы абвяшчае Езуса і аб’яўляе Айца, і Айцец, Які валодае ўсім, вяртае ўсё, што мае, Сыну: нічога не захоўвае для сябе і цалкам аддае сябе Сыну.
З іншага боку, чалавек часта застаецца эгацэнтрычным і зайздросным. “Таму святкаванне ўрачыстасці Найсвяцейшай Тройцы – гэта не столькі тэалагічнае практыкаванне, колькі рэвалюцыя ў чалавечым жыцці. Бог, у Якім кожны чалавек жыве для іншага, а не для сябе, правакуе нас жыць з іншымі і для іншых”, - заўважыў Францішак.
Папа заахвоціў вернікаў сваім жыццём адлюстроўваць адносіны Найсвяцейшай Тройцы, аддаючы сябе іншым людзям і служачы ім. Ён падкрэсліў, што пра Трыадзінага Бога трэба сведчыць, ставячы справы над словамі, і дадаў, што любіць – гэта не толькі жадаць дабра і рабіць дабро, але перш за ўсё прымаць іншага чалавека, вызваляючы сваю жыццёвую прастору для яго.
“Тройца вучыць нас, што адзін чалавек ніколі не можа існаваць без другога. Мы не астравы, мы знаходзімся ў свеце, каб жыць паводле Божага вобразу: адкрытымі, тымі, хто патрабуе бліжняга і хто дапамагае яму. Дык давайце зададзім сабе пытанне: ці і я з’яўляюся адлюстраваннем Найсвяцейшай Тройцы ў сваім штодзённым жыцці? Ці знак крыжа, які я раблю кожны дзень, застаецца жэстам сам па сабе, ці натхняе мой спосаб гаварыць, сустракацца, рэагаваць, судзіць, прабачаць?” - звярнуўся Францішак перад малітвай Анёл Панскі да сабраных на плошчы святога Пятра і да тых, хто глядзеў і слухаў яго з дапамогай сродкаў камунікацыі.