ҽ

Францішак з сям'ёй мігрантаў. Ілюстрацыйнае фота Францішак з сям'ёй мігрантаў. Ілюстрацыйнае фота 

Папа заявіў аб гатоўнасці Касцёла адказваць на выклік міграцыі

Мы не можам забываць пра мільёны бежанцаў і перамешчаных асоб у розных частках свету, якія маюць адчайную патрэбу ў вітанні, абароне і любові, - адзначыў Францішак.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

30 мая 2022 года Папа прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Міжнароднай каталіцкай камісіі па міграцыі, створанай Піем XII у 1951 годзе для дапамогі біскупскім канферэнцыям у іх душпастырскім служэнні на карысць мігрантаў і бежанцаў.

Францішак нагадаў, што “касцёльная місія” структуры ажыццяўляецца ў двух кірунках: ad intra і ad extra. У першую чаргу, яна павінна прапанаваць кваліфікаваную дапамогу біскупскім канферэнцыям і дыяцэзіям, якія апынуліся ў сітуацыі “шматлікіх і складаных міграцыйных выклікаў сучаснасці”. Гэта ажыццяўляецца праз рэалізацыю міграцыйных душпастырскіх праектаў і спецыялізаваную падрыхтоўку душпастырскіх супрацоўнікаў у міграцыйнай сферы.

“Акрамя таго, Камісія заклікана рэагаваць на глабальныя выклікі і міграцыйныя надзвычайныя сітуацыі з дапамогай мэтавых праграм, заўсёды ў зносінах з мясцовымі Касцёламі. Яна як грамадская арганізацыя таксама адказвае за правядзенне асветніцкай дзейнасці на міжнароднай арэне. Камісія прадстаўляе Касцёл і працуе над пашырэннем міжнароднай дасведчанасці ў праблемах міграцыі, каб спрыяць павазе да правоў чалавека і годнасці асобы ў адпаведнасці з кіруючымі прынцыпамі сацыяльнай дактрыны Касцёла”, - нагадаў задачы структуры Пантыфік.

Святы Айцец лічыць, што дзейнасць Камісіі на працягу апошніх сямідзесяці гадоў “аказала па-сапраўднаму рашучы ўплыў”. Ён падзякаваў сваім гасцям за дапамогу Касцёлам, якія прымаюць людзей, што бягуць ад вайны ва Украіне, і нагадаў, што “гэта самы буйны рух бежанцаў у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны”.

Папа заклікаў не забывацца і пра мільёны асоб, якія шукаюць прытулку ў іншых частках свету. Таксама і яны маюць патрэбу ў вітанні, абароне і любові. “Як Касцёл, мы хочам служыць усім і сур’ёзна працаваць на карысць стварэння мірнай будучыні”, - заявіў Францішак.
 

30 мая 2022, 14:48