Папа скіраваў пасланне на Сусветны дзень малітвы аб пакліканнях
Аляксандр Панчанка – Pope
“У той час як ледзяныя вятры вайны і прыгнёту працягваюць дзьмуць у наш час і мы часта становімся сведкамі палярызацыі”, Касцёл ініцыяваў “сінадальны працэс, адчуваючы пільную патрэбу ісці разам, умацоўваючы вымярэнне слухання, удзелу і ўзаемнага абмену, каб “рабіць свой уклад у будаванне чалавечай сям’і, залячыць яе раны і суправаджаць яе да лепшай будучыні”, - напісаў Святы Айцец.
Мара пра братэрства
Пакліканне – гэта рэалізацыя задумы Бога: “вялікай задумы братэрства”, якую Езус меў у сэрцы, калі маліўся да Айца, “каб усе былі адно”, - заўважыў Пантыфік, падкрэсліваючы, што кожнае пакліканне ў Касцёле, дапамагае паказаць “гармонію многіх і адметных дароў, якую толькі Святы Дух здольны рэалізаваць”. Таму Касцёл павінен стаць яшчэ больш сінадальным: здольным ісці разам у гармоніі разнастайнасцей, у якой кожны зможа рабіць свой унёсак і ўдзельнічаць актыўным чынам.
Свецкія і пастыры – разам для евангелізацыі
Ісці разам – гэта фундаментальнае пакліканне Касцёла, які існуе для евангелізацыі. Спаўненне гэтай місіі магчыма толькі, калі ў яе будуць уключаны ўсе. Вось чаму “неабходна пазбягаць мыслення, якое дзеліць святароў і свецкіх, лічачы галоўнымі дзеючымі асобамі першых, а выканаўцамі – другіх”: хрысціяне павінны спаўняць сваю місію “як адзіны Божы народ – свецкія і пастыры разам”.
Пакліканы ўсе
Пакліканне не павінна разумецца як нешта датычнае выключна святароў і кансэкраваных асоб. Яно не з’яўляецца “надзвычайным досведам”, прызначаным для нямногіх. “Мы ўсе пакліканы ўдзельнічаць у місіі Хрыста: уз’ядноўваць рассеянае чалавецтва і прыміраць яго з Богам”, - напісаў Папа.
Кожны з нас быў пажаданы і з’яўляецца любімым Богам, і адносна кожнага Ён мае сваю асаблівую задуму. “Мы пакліканы развіваць боскую іскру, якая прысутнічае ў сэрцы кожнага чалавека”, “дапамагаючы ўзрастанню чалавецтва, натхнёнаму любоўю і ўзаемным прыняццем”, - падкрэсліў Францішак.
Адзіная сям’і ў супольным доме
Мы пакліканы быць вартаўнікамі адзін аднаго, “лячыць раны стварэння, станавіцца адзінай сям’ёй у цудоўным супольным доме стварэння, у гарманічнай разнастайнасці яго элементаў”. “Не толькі паасобныя людзі, але таксама народы маюць пакліканне”, - заўважыў Святы Айцец.
Боскі Скульптар і Яго позірк, які кліча
Францішак нагадаў словы Мікеланджэла Буонароці: “Кожны кавалак камня мае статую ўнутры сябе і заданне скульптара знайсці яе”. Такім самым чынам позірк Божай любові дасягае, дакранаецца, вызваляе і перамяняе нас, робячы новымі людзьмі. Папа падкрэсліў, што так адбылося з Паннай Марыяй, Сымонам Пятром, мытнікам Левіем, Саўлам.
Бог “у кожным бачыць патэнцыял і няспынна дзейнічае, каб мы маглі служыць агульнаму дабру”. “Пакліканне нараджаецца дзякуючы мастацтву боскага Скульптара, які сваімі рукамі дапамагае нам выйсці па-за сябе, каб стварыць з нас той шэдэўр, якім мы пакліканы быць”. У сувязі з гэтым Францішак заклікаў уважліва слухаць Божае слова і братоў і сясцёр у веры.
Прыгожыя часцінкі вялікай мазаікі
Калі прымаем поўны любові позірк Езуса, тады наша жыццё змяняецца, - запэўніў Святы Айцец, нагадваючы, што мы пакліканы “глядзець на іншых і свет Божымі вачыма, каб служыць дабру і пашыраць любоў, учынкамі і словамі”. Кожны чалавек, прыгожы сам па сабе, з’яўляецца адной з часцінак мазаікі, якія “толькі разам складаюць выяву”. “Няхай кожны з нас зможа знайсці сваё месца і праявіць свае лепшыя якасці ў гэтай вялікай задуме”, - пажадаў Пантыфік.