Папа: разам пераламаць ход халоднай дэмаграфічнай зімы
Аляксандр Панчанка – Pope
12 мая 2022 года Святы Айцец звярнуўся з пасланнем да сімпозіума Генеральных штатаў нараджальнасці (Stati Generali della natalità), які праходзіць у Рыме па ініцыятыве італьянскага Форума сямейных асацыяцый пры ўдзеле навукоўцаў, журналістаў, сацыёлагаў, палітыкаў, бізнесменаў, спартсменаў, дзеячаў культы і прадстаўнікоў свету музыкі і кіно.
Францішак звярнуў увагу на тое, што “на Захадзе існуе экзістэнцыяльная перыферыя, якая не адразу кідаецца ў вочы”: гаворка ідзе пра сужонкаў, якія жадаюць, але не могуць мець дзіця. Будучы не ў стане рэалізаваць сваю сямейную мару, яны “паніжаюць планку жаданняў” і задавальняюцца “пасрэднымі заменнікамі, такімі як бізнес, аўтамабіль, падарожжы, рэўнасны клопат пра вольны час”. “Прыгажосць сям’і, багатай дзецьмі, рызыкуе стаць утопіяй, марай, якую цяжка ажыццявіць”, - падкрэсліў Папа.
“Гэта новая беднасць палохае мяне. Гэта пракрэацыйная беднасць тых, хто скідвае з рахункаў жаданне шчасця, пагаджаецца з прыглушэннем сваіх самых вялікіх памкненняў, задавальняецца малым і перастае спадзявацца на вялікае. Так, гэта трагічная беднасць, бо яна ўдарае па найвялікшым багацці чалавека, якое заключаецца ў тым, каб несці ў свет жыццё, клапаціцца пра яго, з любоўю перадаваць іншым атрыманае жыццё”, - заўважыў Папа.
На думку Святога Айца, не заўважаць праблему падзення нараджальнасці – недальнабачна: гэта значыць капітуляваць перад абліччам праблем. Аднак, праца ўдзельнікаў рымскага сімпозіума сцвярджае адваротнае: яны не жадаюць скарацца і спадзяюцца “насуперак лічбам, якія год за годам няўмольна пагаршаюцца”, - заўважыў Пантыфік.
“Дарагія сябры, усё можа змяніцца, калі мы без страху, выходзячы за рамкі вузкіх інтарэсаў і ідэалагічных бар’ераў, будзем працаваць разам. Таму заклікаю, каб на ўсіх узроўнях – інстытуцыйным, медыйным, культурным, эканамічным і сацыяльным – прасоўвалася, удасканальвалася і ажыццяўлялася канкрэтная палітыка, накіраваная на аднаўленне нараджальнасці”, - падкрэсліў ён.
Папа зазначыў, што тэма нараджальнасці павінна аб’ядноўваць, а не раздзяляць. Таму ён заклікаў “кампаніі, банкі, асацыяцыі, прафсаюзы, спартсменаў, акцёраў, пісьменнікаў, палітыкаў, усім разам падумаць пра тое, як зноў пачаць спадзявацца на жыццё”.
“Прыйшоў час даць рэальныя адказы сем’ям і маладым людзям: надзея не можа і не павінна памерці ад чакання. Я прашу Бога благаславіць вашу дзейнасць. Я разам з вамі і падтрымліваю вас, каб разам змаглі пераламаць ход гэтай халоднай дэмаграфічнай зімы”, - завяршыў пасланне Святы Айцец.