Пантыфік падтрымаў намаганні па выкараненні дзіцячай працы
Аляксандр Панчанка – Pope
Святы Айцец заўважыў, што нягледзячы на дасягненне значнага прагрэсу ў барацьбе з выкарыстаннем дзіцячай працы, гэты феномен пагоршыўся ў сувязі з глабальным крызісам у галіне аховы здароўя, распаўсюджваннем крайняй беднасці ў многіх часткай свету, міграцыяй і надзвычайнымі гуманітарнымі сітуацыямі.
“Вялікая колькасць юнакоў і дзяўчат асуджаны на жыццё ў эканамічнай і культурнай беднасці”, - з жалем канстатаваў Пантыфік, нагадваючы, што дзеці выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы, працуюць у шахтах, здзяйсняюць шматкіламетровыя паходы за вадой, не ходзяць у школу і нават заахвочваюцца да заняцця прастытуцыяй. Усё гэта пазбаўляе радасці маладосці мільёны дзяцей, а таксама годнасці, дадзенай ім Богам, - падкрэсліў Францішак.
Папа заклікаў звярнуў увагу на структурныя прычыны глабальнай беднасці і абуральнай няроўнасці – адных з галоўных фактараў, якія прыводзяць да працоўнай эксплуатацыі непаўналетніх. Ён выказаў спадзяванне на тое, што Канферэнцыя паспрыяе павышэнню інфармаванасці і прыхільнасці дзяржаўных структур і міжнародных органаў, адносна пошуку адпаведных і эфектыўных спосабаў абароны годнасці і правоў дзяцей, асабліва праз умацаванне сістэмы сацыяльнай абароны і ўсеагульны доступ да адукацыі.
Пантыфік нагадаў, што клопат пра сучаснасць і будучыню дзяцей – гэта клопат пра сучаснасць і будучыню ўсёй чалавечай сям’і. “Сапраўды, тое, як мы адносімся да дзяцей, наколькі паважаем іх прыроджаную годнасць і асноўныя правы, паказвае, якімі дарослымі мы з’яўляемся і хочам быць, а таксама якога роду грамадства хочам пабудаваць”, - сцвердзіў Святы Айцец, запэўніваючы ў тым, што Апостальская Сталіцай працягне падтрымку намаганняў па выкараненні дзіцячай працы.