ҽ

Аўдыенцыя з нагоды 90-годдзя часопіса Famiglia Cristiana Аўдыенцыя з нагоды 90-годдзя часопіса Famiglia Cristiana 

Папа: камунікацыя – дыялог і слуханне, якія ўмацоўваюць адносіны

Папа прыняў кіраўніцтва, рэдактараў, журналістаў і чытачоў італьянскага каталіцкага часопіса “Famiglia Cristiana”, які сёлета адзначаецца 90-годдзе з дня свайго заснавання. Сустрэча адбылася 21 мая 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак нагадаў, што заснавальнік выдання, благаслаўлёны ксёндз Джакама Альберыёнэ, задумаў стварыць часопіс, “што прынясе ў сем’і хрысціянскую візію рэчаіснасці, актуальных падзей, важных тэм свету і Касцёла”. Яшчэ ў 1915 годзе гэты пастыр казаў маладым святарам: “Сейце добрыя ідэі, каб прыносілі плёны добрых спраў”, а таксама падкрэсліваў, што “каталіцкі часопіс – гэта быццам візіт Бога ў дом”.

Папа заўважыў, што выданне заўсёды ўспрымала адносіны як “ключ камунікацыйнай практыкі”, заўсёды шукала “новыя формы прысутнасці і дзейнасці”, звязаныя не столькі са сродкамі, колькі з “культурай і новай граматыкай камунікацыяй”, а таксама імкнулася служыць ўсяму Божаму народу, асабліва жыхарам сучасных перыферый.

Пантыфік адзначыў, што “сёння перад намі асаблівым чынам адкрываюцца два шляхі: шлях братэрства і шлях інтэгральнай экалогіі”, але “метад застаецца тым жа самым: дыялог і слуханне, якія дазваляюць умацоўваць адносіны”.

Святы Айцец патлумачыў, што дыялог не павінен быць толькі абменам дадзенымі і інфармацыяй, а адносіны з іншым чалавекам “не могуць абмяжоўвацца існаваннем спалучэння”.

“Нельга блытаць просты кантакт са знакам дыялогу і ўзаемадзеяння, ці блытаць просты абменам пасланнямі з камунікацыяй. Камунікацыя – гэта больш глыбокае практыкаванне, якое дазваляе выйсці па-за ўласную самадстатковасць. Пераўзыйсці самадастатковасць, каб глядзець ў кірунку больш шырокага гарызонту – неабходна ў гэты момант перамены эпох”, - сказаў Папа, адзначаючы таксама важнасць гатоўнасці змяніць паводзіны і мысленне, чаму вучыць Другі Ватыканскі Сабор, святы Павел VI, святы Ян Павел ІІ, а яшчэ раней – святы Павел, які, перадаючы Евангелле, ствараў адносіны і супольнасці.

Напрыканцы прамовы Францішак нагадаў таксама словы ксяндза Джакама Альберыёнэ, які казаў, што “немагчыма даць гэтаму беднаму і высакамернаму свету нешта большае, чым Езуса Хрыста”.
 

21 мая 2022, 13:09