Папа да Місійных ініцыятыў: малітва – першая форма місіі
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Сёлета спаўняецца 200 гадоў з дня заснавання гэтай жанчынай Таварыства распаўсюджвання веры, а таксама стагоддзе прызнання за ім “папскага” статусу. Свае юбілеі адзначаюць і іншыя місійныя праекты Касцёла: Ініцыятыва святога Дзяцінства, Ініцыятыва святога апостала Пятра, Папскі місійны саюз.
Францішак адзначыў, што юбілеі з’яўляюцца часткай святкавання 400-годдзя Кангрэгацыі евангелізацыі народаў, з якой місійныя ініцыятывы цесна звязаны і з якой супрацоўнічаюць у падтрымцы Касцёлаў на тэрыторыях, даручаных гэтай дыкастэрыі.
Папа падкрэсліў, што евангелізацыйная стараннасць застаецца фундаментальнай для Касцёла. Па гэтай прычыне таксама ў абноўленай Рымскай курыі Дыкастэрыя па евангелізацыі адыгрывае адмысловую ролю ў спрыянні місійнаму навяртанню Касцёла, якое з’яўляецца не празелітызмам, а сведчаннем: выходзіць па-за свае межы, каб абвяшчаць бязвыплатную і збаўчую любоў Бога да ўсіх людзей.
Францішак заўважыў, што прадстаўнікі Папскіх місійных ініцыятыў сустракаюцца ў гэтыя дні ў французскім Ліёне, таму што менавіта ў гэтым горадзе 200 гадоў таму 23-гадовая Палін Жарыко заснавала таварыства па падтрымцы місійнай дзейнасці Касцёла. Праз некалькі гадоў яна дала старт Жывому Ружанцу – ініцыятыве, прысвечанай малітве і абмену. Маладая францужанка сваім жыццём падкрэсліла, што Касцёл па сваёй прыродзе місіянерскі і кожны ахрышчаны мае місію, і нават сам з’яўляецца місіяй, - звярнуў увагу Папа.
Святы Айцец падкрэсліў, што юбілеі “місіянерскіх структур” і беатыфікацыя Палін Жарыко сталі магчымасцю ўказаць на некаторыя аспекты, якія, дзякуючы дзеянню Духа Святога, паспрыялі распаўсюджванню Евангелля ў гісторыі Папскіх місійных ініцыятыў. У першую чаргу, гэта місіянерскае навяртанне. Крыніца місіі – атаясамлівацца з Хрыстом і штодзённа ісці за Ім, каб сведчыць Божую Міласэрнасць на шляхах свету. Гэта пачынаецца з малітвы, якая з’яўляецца першай формай місіі. Заўсёды ёсць першынство ласкі над дзеяннем. Яшчэ адзін аспект – канкрэтнасць любові, якая выяўляецца ў маштабным зборы ахвяраванняў на карысць місіянераў разам з інфармаваннем вернікаў пра іх жыццё і дзейнасць.
Францішак пажадаў прадстаўнікам Папскіх місійных ініцыятыў ісці па шляху вялікай місіянеркі Палін Жарыко, натхняючыся яе канкрэтнай верай, рашучай адвагай і шчодрай творчасцю.