ҽ

Аўдыенцыя для Бедных Слугаў і Бедных Служак Божага Провіду Аўдыенцыя для Бедных Слугаў і Бедных Служак Божага Провіду 

Папа: давер да Божага Провіду прадугледжвае дзяленне з беднымі

Існуе патрэба ў хрысціянах, якія служаць Божаму Провіду, практыкуючы дзяленне, сказаў Папа 30 мая 2022 года, прымаючы на аўдыенцыі ўдзельнікаў капітулаў Бедных Слугаў і Бедных Служак Божага Провіду.

Аляксандр Панчанка – Pope

Пантыфік нагадаў, што харызмат гэтых манаскіх супольнасцей, якія на пачатку ХХ стагоддзяў заснаваў святы Джавані Калабрыя, заключаецца ў пакліканні “ажыўляць у свеце веру ў Бога Айца і сыноўскі давер да Яго Провіду”. Францішак падкрэсліў, што гэта місія адпавядае аднаму з галоўных жаданняў Езуса, які хацеў дапамагчы людзям пазнаць Нябеснага Айца і адчуць Яго дабрыню.

Папа падкрэсліў, што давер да Божага Провіду грунтуецца на ўпэўненасці ў тым, што “Айцец лепш за нас ведае нас саміх і ў чым мы маем патрэбу”, а сведчыць пра яго важна ў першую чаргу сярод бедных, апошніх і адчужаных грамадствам. Гэта ўмацуе “культуру Божага Провіду”, якая можа стаць супрацьяддзем ад “культуры раўнадушша”, на жаль, распаўсюджанай сучасных “грамадствах дабрабыту”.

Святы Айцец заўважыў, што давер да Божага Провіду не мае нічога супольнага з фаталізмам і не азначае чакання таго, што рашэнні праблем і даброты, якіх патрабуем, упадуць на нас з неба. Наадварот, “хрысціянская духоўнасць Божага Провіду” прадугледжвае “клопат пра Божыя стварэнні, асабліва пра самых уразлівых і слабых; дзяленне з іншымі тым нямногім, што маем, каб ніхто не меў патрэбу ў самым неабходным”, - сказаў Пантыфік, падкрэсліваючы, што клапатлівыя адносіны як ніколі патрэбныя сёння, каб перамагчы раўнадушша.

Францішак заўважыў, што дзяленне дабротамі з іншымі людзьмі з’яўляецца канкрэтным спосабам жыцця з даверам Божым Провідам, бо азначае веру ў тое, што хлеба, якім дзелімся, хопіць і нам, і бліжняму. “Гэтаму нас навучыў Езус Хрыстус праз цуд дзялення – а не памнажэння – хлябоў і рыб. Сёння існуе патрэба ў хрысціянах, якія служаць Божаму Провіду, практыкуючы дзяленне”, - дадаў Святы Айцец.
 

30 мая 2022, 13:20