ҽ

Святы Ян Павел І Святы Ян Павел І 

Францішак: Ян Павел І меў прароцкі позірк на раны і няшчасці свету

Святы Айцец напісаў прадмову да зборніка разважанняў, гамілій, прамоў, лістоў, катэхез і каментароў да Евангелля, напісаных Янам Паўлам І на працягу 34 дзён яго служэння на пасадзе Біскупа Рыма.

Аляксандр Панчанка – Pope

Кніга “Навучанне. Тэксты і дакументы пантыфікату” (Il Magistero. Testi e documenti del Pontificato) убачыла свет у выніку супрацоўніцтва паміж Фондам Яна Паўла І, Ватыканскім выдавецтвам і Выдавецтвам святога Паўла.

Францішак заўважыў, што на працягу свайго кароткага пантыфікату, Ян Павел І “знайшоў магчымасць паказаць нам, што адзіным скарбам з’яўляецца вера, простая вера апосталаў, прапанавая нанова экуменічным Другім Ватыканскім Саборам”.

Ян Павел І “яшчэ раз нагадаў нам, што перавага, якая аддаецца бедным, з’яўляецца непарушнай часткай апостальскай веры”, а “прыгнёт бедных” і “затрымліванне належнай платы работнікам”, гэта грахі, якія “наклікаюць Божую помсту”, - падкрэсліў Францішак.

“Менавіта дзякуючы веры хрысціянскага народа, да якога належаў, ён змог скіраваць прароцкі позірк на раны і няшчасці свету, паказваючы, наколькі таксама і мір важны для Касцёла”, - напісаў Папа. Ён нагадаў пра падтрымку, якую Ян Павел І выказваў мірным перамовам паміж Ізраілем і Егіптам на саміце ў Кэмп-Дэвідзе ў ЗША ў 1978 годзе, а таксама працытаваў словы Альбіна Лучані да прадстаўнікоў міжнародных місій, пра тое, што “Касцёл, пакорны пасланнік Евангелля ўсім народам, здольны паспрыяць стварэнню атмасферы справядлівасці, братэрства, салідарнасці і надзеі, без якой свет не можа жыць”.

Францішак заўважыў, што Ян Павел І вучыць ісці па жыцці з верай апосталаў – верай, якую ён сам “атрымаў як дар у сям’і рабочых і эмігрантаў”, што “цяжка зараблялі на хлеб” і “хадзілі па зямлі, а не між аблокаў”. Часткай гэтага дару для Альбіна Лучані, стала таксама пакора, якая “нараджаецца з удзячнасці за спазнанне бязмежнай міласэрнасці Езуса і Яго прабачэння”, і якая дазваляе з лёгкасцю выконваць тое, пра што Ён просіць: “Навучыцеся ад Мяне, бо Я ціхі і пакорны сэрцам” (Мц 11,29).

Папа нагадаў таксама словы святога Оскара Радрыгеса Рамэра, які казаў, што са смерцю двух Папаў у 1978 годзе – Паўла VI і Яна Паўла І – увага ўсяго свету была звернута “на вяршыню іерархіі Каталіцкага Касцёла”, якая не з’яўляецца “ізаляванай і самадастатковай” рэчаіснасцю, а знаходзіцца ўсярэдзіне народа, з’яднанага Богам, для “служэння Валадарству і ўсяму свету”.

Іерархія існуе “для Касцёла, а Касцёл – для свету” і калі брамы пекла і смерці не могуць перамагчы яго, то не дзякуючы “кволым плячам Папы”, але таксама таму, што Папа “падтрыманы Тым, хто з’яўляецца вечным, бессмяротным, святым, боскім жыццём: Езусам Хрыстом, нашым Панам”. “І гэта таямніца, якая ззяе таксама ў гісторыі і навучанні Яна Паўла І”, - падкрэсліў Святы Айцец.
 

09 мая 2022, 10:41