Францішак: ствараць будучыню разам з мігрантамі і бежанцамі
Аляксандр Панчанка – Pope
Мігранты і бежанцы – не захопнікі, не разбуральнікі, не ўзурпатары, але добраахвотныя працаўнікі, людзі, якія дапамагаюць “лепш пазнаць свет і прыгажосць разнастайнасці”, носьбіты “дынамікі, якая ажыўляе, і натхняльнікі цэлебрацый, якія ўзрушваюць”, у выпадку католікаў, - напісаў Папа ў пасланні на 108-Сусветны дзень мігранта і бежанца, якое было абнародавана 12 мая 2022 года.
Францішак заклікаў аднавіць намаганні, накіраваныя на будаванне будучыні, больш адпаведнай Божай задуме – на будаванне свету, у якім усе змогуць жыць мірна і годна. Для гэтага, на яго думку, неабходна прыняць збаўленне Хрыста, Яго Евангелле любові, выкараніць няроўнасць і дыскрымінацыю. “Ніхто не павінен быць выключаны”, - дадаў ён.
Святы Айцец заўважыў, што “Божая задума па сваёй сутнасці з’яўляецца інклюзіўнай” і “ставіць у цэнтр увагі жыхароў экзістэнцыяльных перыферый” – мігрантаў і бежанцаў, вымушаных перасяленцаў і ахвяр гандлю людзьмі. Божае Валадарства трэба будаваць разам з імі, а гэта патрабуе прызнання таго, што кожны з іх можа зрабіць свой унёсак у працэс будаўніцтва.
Папа спаслаўся на прароцтва Ісаі, у якім “чужынцы паказваюцца не як захопнікі і разбуральнікі, але як добраахвотныя працаўнікі, якія аднаўляюць сцены новага Ерузалема”. Сама гісторыя вучыць нас таму, “што ўклад мігрантаў і бежанцаў быў фундаментальным для сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага грамадства” і гэта актуальна да сённяшняга дня, сцвердзіў Пантыфік.
“Іх праца, здольнасць да самаахвяравання, маладосць і энтузіязм узбагачаюць супольнасці, якія прымаюць іх”, - напісаў Францішак, падкрэсліваючы, што “гэты ўклад можа быць яшчэ шырэйшым” пры належнай мэтавай падтрымцы. “Гэта велізарны патэнцыял, гатовы праявіць сябе, калі толькі даць яму шанс”, - дадаў ён.
Святы Айцец адзначыў, што “прысутнасць мігрантаў і бежанцаў з’яўляцца вялікім выклікам”, але, перш за ўсё, “магчымасцю культурнага і духоўнага росту для ўсіх”, сталення чалавецтва. Дзякуючы ім узнікае “прастора плённага супастаўлення розных поглядаў і традыцый” і мы адкрываем для сябе “багацце, заключанае ў невядомых нам рэлігіях і духоўнасці”.
З іншага боку, прыбыццё мігрантаў і бежанцаў каталіцкага веравызнання дае “новую энергію касцёльнаму жыццю супольнасцей, якія прымаюць іх”, а “абмен рознымі выразамі веры і пабожнасці” – гэта “прывілеяваная магчымасць больш поўна жыць каталіцтвам Божага народа”, - падкрэсліў Пантыфік.
“Калі хочам супрацоўнічаць з нашым Нябесным Айцом у будаванні будучыні, давайце рабіць гэта разам з нашымі братамі і сёстрамі мігрантамі і бежанцамі. Давайце пачнем неадкладна, бо будучыня пачынаецца сёння, з кожнага з нас. Мы не можам перакладваць на будучыя пакаленні адказнасць за рашэнні, якія павінны быць прыняты ўжо зараз: трэба, каб ажыццявілася Божая задума для нашай зямлі і прыйшло Яго Валадарства справядлівасці, братэрства і міра”, - напісаў Папа.
Сусветны дзень мігранта і бежанца, устаноўлены ў Каталіцкім Касцёле ў 1914 годзе папам Піем Х, будзе адзначацца 25 верасня. Яго сёлетняя тэма: “Ствараць будучыню разам з мігрантамі і бежанцамі”.