ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Святы Айцец: штодзённа маліцца Ружанец і прасіць аб міры

Падчас сустрэчы з вернікамі на агульнай аўдыенцыі, якая 4 мая 2022 года прайшла ў Ватыкане, Францішак нагадаў, што май у Касцёле прысвечаны Маці Божай, у сувязі з чым заклікаў штодзённа маліцца Ружанец.

Аляксандр Панчанка – Pope

Перад абліччам шматлікіх крызісаў, якія перажывае планета, Святы Айцец заахвоціў асабліва чынам прасіць аб дапамозе Багародзіцы. “Заклікаю вас маліць Яе аб заступніцтве ў вашых асабістых інтэнцыях, у інтэнцыях Касцёла і аб міры ў свеце”, - сказаў ён.

Звяртаючыся да пілігрымаў з Польшчы, Францішак нагадаў пра ўрачыстасці ў гонар благаслаўлёнага Стэфана Вышынскага, якія прайшлі ў Чэнстахове. Гэты пастыр навучыў палякаў “давяраць Марыі ў самыя складаныя моманты” іх гісторыі. “Наследуючы яго прыклад, давярайце Найсвяцейшай Панне лёс вашай Айчыны і мір у Еўропе”, - сказаў Пантыфік.

Вітаючы вернікаў з Партугаліі Святы Айцец асаблівым чынам падкрэсліў моц і каштоўнасць ружанцовай малітвы. “Нядаўна распачаўся месяц май, які традыцыйна заклікае хрысціянскі народ памножыць штодзённыя жэсты ўшанавання Панны Марыі. Таямніцай Яе супакою і мужнасці была ўпэўненасць у тым, што “для Бога няма нічога немагчымага”. Нам трэба навучыцца гэтаму ў Божай Маці: праявім нашу ўдзячнасць, молячыся Ружанец штодзённа”, - заахвоціў Папа.
 

04 мая 2022, 12:37