ҽ

Папа Францішак Папа Францішак 

Urbi et Orbi: мір магчымы і неабходны, мір – адказнасць кожнага

Украіне прысвяціў значную частку свайго “мірнага паслання” перад пасхальным благаслаўленнем Urbi et Orbi Францішак. Яго непакоіць таксама сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Афрыцы і Лацінскай Амерыцы.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

“Ваенным Вялікаднем” назваў сёлетнія святы Пантыфік. “Мы бачылі шмат кровапраліцця, шмат гвалту. Нашыя сэрцы таксама былі напоўнены страхам і пакутамі, у той час як многім нашым братам і сёстрам давялося хавацца ў сваіх дамах, каб абараніцца ад бомбаў. Нам цяжка паверыць, што Езус сапраўды ўваскрос, што Ён сапраўды перамог смерць”, але “гэта не ілюзія” – сёння як ніколі гучыць велікоднае прывітанне: Хрыстус уваскрос!

І сёння, “напрыканцы Вялікага посту, які, здаецца, не скончыцца”, Ён патрэбны нам як ніколі, - заўважыў Святы Айцец. Пасля двух гадоў пандэміі, калі, здаецца, настаў час выйсці з тунэлю нягод, аказалася, “што ў нас усё яшчэ жывы дух Каіна, які глядзіць на Абэля не як на брата, а як на саперніка, і думае пра тое, як ад яго пазбавіцца”. “Сёння нам як ніколі патрэбны Той, Хто стаіць сярод нас і зноў кажа нам: “Спакой вам!”, - перакананы Пантыфік.

“Толькі Ён можа гэта зрабіць. Толькі Ён мае права сёння абвяшчаць нам мір. Толькі Езус, бо Ён нясе на сабе раны, нашы раны. Гэтыя раны ўдвая нашы: нашы, таму што яны былі нанесены Яму намі, праз нашыя грахі, праз нашу цвёрдасць сэрца, праз братазабойчую нянавісць; і нашы, таму што Ён нясе іх дзеля нас, Ён не адмовіўся ад іх на сваім праслаўленым целе, Ён вырашыў захаваць іх, насіць на сабе заўсёды. (...) Раны на целе Уваскрослага Езуса з’яўляюцца знакам барацьбы, якую Ён вёў і ў якой перамог за нас, выкарыстоўваючы зброю любові, каб мы мелі мір, спазналі мір, жылі ў міры”, - сказаў Францішак.

“Няхай мір настане для пакутлівай Украіны, якая так моцна пацярпела ад насілля і спусташэння ў выніку жорсткай, бессэнсоўнай вайны. Няхай хутка прыйдзе новы світанак надзеі ў гэтую страшную ноч пакут і смерці! Давайце выбіраць мір. Давайце перастанем гуляць мускуламі, калі пакутуюць людзі. Калі ласка, давайце не прывыкаць да вайны, давайце ўсе далучымся да закліку да міру з нашых балконаў і на нашых вуліцах! Няхай кіраўнікі дзяржаў прыслухаюцца да крыку людзей аб міры. Няхай паслухаюць гэтае трывожнае пытанне, зададзенае навукоўцамі амаль семдзесят гадоў таму: “Ці згодныя мы знішчыць чалавечы род, ці чалавецтва адмовіцца ад войнаў?” (Маніфест Расэла-Эйнштэйна, 9 ліпеня 1955 года)”, - звярнуўся Папа 17 красавіка 2022 года.

Ён прызнаўся, што “ў сваім сэрцы носіць усіх шматлікіх ахвяр з Украіны, мільёны бежанцаў і ўнутрана перамешчаных асоб, сем'і, якія раздзяліліся, пажылых людзей, якія засталіся ў адзіноце, знішчаныя жыцці і зраўняныя з зямлёй гарады”. Перад вачыма Папы паўстаюць дзеці-сіроты, якія ўцякаюць ад вайны. “Калі мы глядзім на іх, мы не можам не чуць іх крык болю і плач многіх іншых дзяцей, якія пакутуюць ва ўсім свеце, паміраючы ад голаду або адсутнасці лячэння, дзяцей, якія сталі ахвярамі жорсткага абыходжання і гвалту, і тыя, каму было адмоўлена ў праве нарадзіцца”, - заўважыў Святы Айцец.

Ён назваў “прыкметай суцяшэння” адчыненыя для ўцекачоў дзверы дамоў еўрапейцаў. “Няхай гэтыя шматлікія ўчынкі міласэрнасці стануць благаслаўленнем для нашага грамадства, часам пашкоджанага эгаізмам і індывідуалізмам, і паспрыяюць таму, каб яно стала гасцінным для ўсіх”, - пажадаў Папа.

Францішак спадзяецца, што канфлікт у Еўропе прымусіць звярнуць больш увагі на сітуацыю пакут і болю ў іншых рэгіёнах свету. Тут ён згадаў Блізкі Усход, які гадамі разрываюць падзелы і канфлікты, у тым ліку ізраільска-палестынскі, пажадаў міру для Лівана, Сірыі, Ірака і Лівіі. Папа заклікаў вернікаў маліцца за прымірэнне ў М'янме, “дзе рэалізуецца драматычны сцэнарый нянавісці і насілля”, і ў Афганістане, “дзе насельніцтва пакутуе ад драматычнага гуманітарнага крызісу”.

“Няхай запануе мір на ўсім афрыканскім кантыненце”, - заклікаў Пантыфік, гаворачы пра рэгіён Сахель, Дэмакратычную Рэспубліку Конга і Паўднёвую Афрыку.

Ён згадаў і Лацінскую Амерыку, дзе насельніцтва ў выніку пандэміі перажывае пагаршэнне сацыяльных умоў, рост злачыннасці, гвалту, карупцыі і гандлю наркотыкамі, а таксама Канаду, дзе адбываецца складаны працэс прымірэння паміж Касцёлам і карэннымі народамі.

“Дарагія браты і сёстры, кожная вайна мае наступствы, якія закранаюць усё чалавецтва: ад жалобы, да драмы бежанцаў, да эканамічнага і харчовага крызісу, прыкметы якога мы ўжо назіраем. Перад абліччам трывалых знакаў вайны і шматлікіх балючых няўдач у жыцці, Хрыстус, пераможца над грахом, страхам і смерцю, заклікае нас не паддавацца злу і насіллю. Дазволім сабе быць пераможанымі Хрыстовым мірам! Мір магчымы, мір неабходны, мір – гэта галоўная адказнасць кожнага!” – завяршыў сваё велікоднае “мірнае пасланне” Францішак.
 

17 красавіка 2022, 12:14