У Вялікую Пятніцу інтэрв’ю Францішка італьянскаму тэлебачанню
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Эксклюзіўнае інтэрв’ю са Святым Айцом будзе трансліравацца на RAI 1 у рамках спецыяльнага выпуску каталіцкай тэлепраграмы A Sua Immagine, якая пачнецца ў Вялікую Пятніцу, 15 красавіка 2022 года, у 14.00. Папа пагутарыць з журналісткай Ларэнай Б’янкэці “пра шматлікія пакуты чалавецтва, пачынаючы з вайны ва Украіне”.
“Францішак падзеліцца з гледачамі моцнымі і хвалюючымі словамі аб адносінах дабра і зла. Лейтматывам інтэрв'ю з Б'янкэці, першай жанчынай, якая ўзяла інтэрв'ю ў Папы для італьянскага тэлебачання, стане тэма надзеі”, - гаворыцца ў паведамленні на RAI. Інтэрв'ю стане першай размовай Пантыфіка з пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны.
Падчас сёлетняга Пасхальнага Трыдуума і Вялікадня Францішак двойчы з’явіцца на італьянскім грамадскім тэлебачанні. У велікодны вечар 17 красавіка ў эфіры RAI 1 ён разам з акцёрам Раберта Беніньі паразмаўляе пра герояў, вядомых са старонак Евангелля, а яго разважанні будуць праілюстраваны выдатнымі творамі мастацтва. Праграма будзе грунтавацца на вялікім інтэрв’ю, якое з гэтай нагоды даў Святы Айцец.