ҽ

Папа: няхай пачнецца пасхальнае перамір’е, якое прывядзе да міру

Перад малітвай Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане ў Пальмовую нядзелю 10 красавіка 2022 года, Францішак скіраваў заклік да перамір’я і перамоў ва Украіне.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Падчас Звеставання Анёл Пана сказаў Марыі: “Для Бога няма нічога немагчымага” (Лк 1,37). Для Бога няма нічога немагчымага, нават спыніць вайну, якой не бачна канца – вайну, якая кожны дзень ставіць перад нашымі вачыма жудасныя масавыя забойствы і зверскія жорсткасці, што здзяйсняюцца супраць беззабароннага грамадзянскага насельніцтва. Памолімся аб гэтым”, - заклікаў Святы Айцец.

“Мы знаходзімся напярэдадні Пасхі і рыхтуемся святкаваць перамогу Пана Езуса Хрыста над грахом і смерцю – над грахом і смерцю, а не над кімсьці і супраць некага. Сёння ж працягваецца вайна, бо людзі жадаюць перамагчы менавіта так, згодна з духам гэтага свету: але такім чынам можна толькі прайграць. Чаму б не дазволіць перамагчы Богу? Хрыстус нёс крыж, каб вызваліць нас ад улады зла; Ён памёр, каб панавала жыццё, любоў і мір. Няхай жа будзе складзена зброя, няхай жа пачнецца пасхальнае перамір’е, але не для таго, каб перазарадзіць зброю і аднавіць барацьбу, зусім не! Няхай жа пачнецца перамір’е дзеля дасягнення міру шляхам сапраўдных перамоў, з гатоўнасцю пайсці нават на некаторыя саступкі дзеля дабра людзей. Сапраўды, што гэта будзе за перамога, якая ўздыме сцяг на кучы развалін? Для Бога няма нічога немагчымага. Даверымся Яму праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі”, - сказаў Папа.

10 красавіка 2022, 12:55

“Анёл Панскі” – гэта старажытная малітва, якая прамаўляецца тройчы на працягу дня – раніцай, апоўдні і вечарам, – на ўспамін таямніцы Уцелаўлення.

Кожную нядзелю і ўрачыстасць Папа сустракаецца з вернікамі апоўдні, каб разам памаліцца яе словамі. Звычайна перад гэтым ён звяртаецца да сабраных з кароткім разважаннем, натхнёным літургічнымі чытаннямі, якія Касцёл прызначае на гэты дзень.

Мінулая марыйная малітва

Увесь кантэнт >