ҽ

Аўдыенцыя для славацкіх пілігрымаў Аўдыенцыя для славацкіх пілігрымаў 

Папа ўдзячны славацкім вернікам за дапамогу бежанцам з Украіны

Культура сустрэчы будуецца праз пошук гармоніі паміж адметнасцямі, падкрэсліў Папа падчас аўдыенцыі для пілігрымаў са Славакіі, якіх прыняў 30 красавіка 2022 года ў Ватыкане.

Аляксандр Панчанка – Pope

Францішак прыгадаў пра сваё нядаўняе падарожжа ў Славакію, прызнаючыся, што ямы было радасна ўбачыць, што Касцёл у гэтай краіне “жыве багаццем разнастайнасці абрадаў і традыцый, як мастом, што злучае хрысціянскі Захад і Усход”.

Папа нагадаў, што падчас візіту ён заахвочваў моладзь, сем’і, пажылых людзей, розныя супольнасці, якія гістарычна складаюць славацкага грамадства, крочыць па жыцці ў духу сустрэчы.

“Культура сустрэчы будуецца праз пошук гармоніі паміж адметнасцямі, гармоніі, якая патрабуе прыняцця, адкрытасці і крэатыўнасці. Ля вытокаў такога стылю жыцця знаходзіцца Евангелле, Святы Дух. Мы ведаем, што ў гісторыі і канкрэтным жыцці гэта гармонія часта становіцца параненай нашымі грахамі і нашымі слабасцямі. Таму, падчас майго візіту, мы маліліся аб аздараўленні ран. Прашу вас: не стамляйцеся маліцца да Святога Духа, які з’яўляецца Творцам гармоніі і алеем для ран!”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што ў Славакіі яго сустракалі хлебам і соллю, што з’яўляецца знакам гасціннасці. “І нядаўна ваша гасціннасць выявілася зноў, на гэты раз у трагічным кантэксце вайны. У гэтыя месяцы многія вашы сем’і, парафіі і ўстановы прынялі пад свой дах маці з дзецьмі з украінскіх сем’яў, якія былі вымушаны раздзяліцца, каб уратавацца, якія прыбылі са сваім сціплым багажом”, - сказаў ён.

“Гледзячы ў іх вочы, вы з’яўляецеся сведкамі таго як вайна чыніць насілле ў адносінах да сямейных сувязяў, пазбаўляе дзяцей прысутнасці бацькі, школы, робіць пакінутымі бабуль і дзядуль. Заклікаю вас працягваць маліцца і працаваць на карысць міру, які будуецца ў нашым штодзённым жыцці, у тым ліку праз жэсты гасціннай любові”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Хто прымае чалавека ў патрэбе, той не толькі робіць учынак міласэрнасці, але таксама здзяйсняе чын веры, бо распазнае Езуса ў браце і сястры. Няхай Бог захавае вас заўсёды багатымі соллю гасціннасці! І няхай ваша соль ніколі не губляе смак, заўсёды абнаўляецца, чэрпаючы жыццядайныя сокі з дапамогай каранёў. Я ведаю, што вы ганарыцеся спадчынай святых Кірыла і Мятода. Заклікаю вас захоўваць і заўсёды ўмацоўваюць гэту спадчыну, каб будаваць масты братэрства разам з іншымі народамі, якія сілкуюцца з тых самых каранёў евангелізацыі Еўропы, з двух лёгкіх хрысціянства, пра якія казаў святы Ян Павел ІІ”, - пажадаў Пантыфік.
 

30 красавіка 2022, 12:12