ҽ

Францішак падчас інтэрв'ю на італьянскім RAI Францішак падчас інтэрв'ю на італьянскім RAI 

Папа на італьянскім тэлебачанні: свет выбраў Каіна

“Цішыня – гэта гук Вялікай пятніцы, асабліва калі наступае адпаведны час – трэцяя гадзіна дня. Цішыня таксама з'яўляецца правільным словам у час болю; яна дае месца тым, хто плача”, - адзначыў Францішак.

Аляксандр Амяльчэня – Pope

Папа даў вялікае інтэрв'ю журналістцы Ларэне Б'янкэці, якое было паказана 15 красавіка 2022 года ў спецыяльным выпуску тэлепраграмы A Sua Immagine на італьянскім RAI.

Гаворачы аб трагедыі Украіны, якая пакутуе ад расійскай агрэсіі, Святы Айцец прызнаў, што свет сёння знаходзіцца ў стане вайны і бярэ прыклад з Каіна. Ён адзначыў, што не можа быць дыялогу з д'яблам, але трэба размаўляць з людзьмі, якія пакутуюць ад “хваробы нянавісці”. Д'ябал – гэта не міф, а рэальнасць: ён ашуканец, ён прапануе грэх як нешта прывабнае і штурхае да яго. Папа прывёў думку Дастаеўскага аб тым, што барацьба паміж Богам і д'яблам вядзецца ў самым сэрцы чалавека. Менавіта таму, лічыць Францішак, “нам патрэбна лагоднасць, пакора, каб сказаць Богу: я грэшнік”, звярнуцца да Яго: “Выратуй мяне, дапамажы!”.

Папа падкрэсліў вялікую сілу жанчыны, адзначыўшы, што маці здольная суправаджаць сваіх дзяцей да канца іх жыцця. Жанчыны ведаюць, што значыць “прыняць жыццё” і “што такое смерць”. Ён нагадаў, што менавіта жонка Пілата прасіла яго не ўдзельнічаць у змове супраць Праведніка. Яна падняла трывогу ў абарону чалавека, але яе не пачулі.

Святы Айцец прызнаўся, што ніколі не адчуваў сябе адзінокім, выконваючы сваё папскае служэнне. Ён заўсёды адчуваў Божую блізкасць і шчодрасць, магчыма, таму, што ведае, што ў адзіночку не справіцца.

Спасылаючыся на раны Касцёла, Папа адзначыў, што дух мірскога – гэта сёння самае балючае. “Калі Касцёл паддаецца духу гэтага свету, ён церпіць няўдачу”, - растлумачыў ён.

У Вялікую пятніцу Папа звярнуўся да кожнага чалавека: “дазволь свайму сэрцу скалануцца перад Езусам Укрыжаваным; няхай Ён прамаўляе да цябе сваім маўчаннем і сваім болем”.

Францішак падкрэсліў, што прабачэнне мае Боскія карані: “Калі я не зрабіў чагосьці дрэннага, то гэта таму, што Ён спыніў мяне сваёй міласэрнасцю”.

Важны фрагмент інтэрв'ю тычыўся людзей, якія страцілі працу, у тым ліку ў выніку пандэміі. Паводле Пантыфіка, ключавое слова тут – надзея, якая ніколі не падводзіць і дапамагае чакаць.

Скончылася інтэрв’ю пажаданнямі Папы на Вялікдзень. “Маё пажаданне: не губляць надзеі”, прасіць “ласку плачу, але плачу радасці і суцяшэння”, - звярнуўся Францішак.
 

15 красавіка 2022, 17:03