ҽ

Аўдыенцыя для супольнасці Папскага тэўтонскага інстытута Аўдыенцыя для супольнасці Папскага тэўтонскага інстытута 

Папа да святароў: будзьце міласэрным і шчодра прабачайце

7 красавіка 2022 года Францішак прыняў на аўдыенцыі супольнасць Папскага тэўтонскага інстытута Санта-Марыя-дэль-Аніма – калегіума для святароў і студэнтаў папскіх вузаў з нямецкамоўных краін.

Аляксандр Панчанка – Pope

Сустрэча была прымеркавана да 500-годдзя з дня абрання на Пасад святога Пятра папы Адрыяна VI, пахаванага ў касцёле пры тэўтонскім інстытуце. Адрыян Флорэнц, які нарадзіўся ў Утрэхце, тагачаснай Свяшчэннай Рымскай імперыі германскай нацыі, быў перадапошнім Пантыфікам, што паходзіў з германскага свету, нагадаў Францішак.

Адрыян VI атрымаў выдатную адукацыю, быў выхаваўцам будучага імператара Карла V, займаў розныя важныя касцёльныя і палітычныя пасады, а ў 1517 годзе стаў кардыналам. “Калі ён даведаўся, што быў абраны Біскупам Рыма, спачатку завагаўся, але потым пагадзіўся з пачуцця адказнасці”, - дадаў Святы Айцец.

“На працягу свайго кароткага пантыфікату, які працягваўся крыху больш за адзін год, ён імкнуўся прымірыць Касцёл і свет, спаўняючы на практыцы словы святога Паўла, згодна якога Бог даручыў менавіта апосталам служэнне паяднання”, - сказаў Пантыфік, нагадваючы пра намаганні Адрыяна VI, накіраваныя на прымірэнне паміж католікамі і лютэранамі, а таксама паміж еўрапейскімі палітычнымі сіламі, якія знаходзіліся ў канфлікце.

Папа пажадаў сваім гасцям наследаваць прыклад Адрыяна VI, асаблівым чынам спрыяючы прымірэнню, удзяляючы сакрамэнт споведзі. “Заданне спаведніка – прабачаць, а не катаваць. Будзьце міласэрнымі, шчодра прабачайце – такімі вы патрэбны Касцёлу”, - сказаў ён, падкрэсліваючы, што спрыянне прымірэнню і згодзе патрабуе мудрай і міласэрнай душпастырскай дзейнасці, а таксама сведчання. “Каб быць добрым распарадчыкам Хрыстовага прабачэння, святар павінен быць здольным прабачаць іншым; павінен быць міласэрным у сваіх адносінах, павінен быць чалавекам міру, адзінства. Няхай Багародзіца дапаможа вам у гэтым”, - пажадаў Святы Айцец.

07 красавіка 2022, 13:07