Францішак: я гатовы зрабіць усё, каб спыніць вайну
Аляксандр Панчанка – Pope
Размаўляючы з журналістам Хаакінам Маралесам Салам Францішак заўважыў, што Апостальская Сталіца няспынна прыкладае намаганні дзеля спынення вайны. “Ватыкан не адпачывае. Я не магу расказаць дэталі, бо тады гэта ўжо не будуць дыпламатычныя намаганні, але спробы ніколі не прыпыняюцца”, - сцвердзіў Пантыфік.
Гаворачы пра значэнне візіту да пасла Расіі пры Святым Пасадзе, здзейсненага 25 красавіка 2022 года, Папа заўважыў: “Я пайшоў туды сам. Я не хацеў, каб мяне нехта суправаджаў. Гэта была мая асабістая адказнасць. Гэта было рашэнне, прынятае падчас ночы чування, думаючы пра Украіну. Для таго, хто хоча бачыць рэчы такімі, якімі яны з’яўляюцца, зразумела, што я ўказаў ураду на тое, што ён можа неадкладна пакласці канец вайне. Калі быць шчырым, я хацеў зрабіць штосьці, каб больш не было ніводнай смерці ва Украіне. Нават адной. І я гатовы зрабіць усё”, - прызнаўся Пантыфік.
Папа падкрэсліў, што “кожная вайна з’яўляецца анахранізмам у гэтым свеце і на гэтым узроўні цывілізацыі”. Ён зазначыў, што публічна пацалаваў украінскі флаг у якасці жэсту салідарнасці з загінулымі, іх сем’ямі і людзьмі, вымушанымі эміграваць.
Каментуючы магчымасць візіту ў Кіеў, Святы Айцец адзначыў, што не можа рабіць нічога, што “паставіць пад пагрозу вышэйшыя мэты, якім з’яўляецца спыненне вайны, перамір’е ці, прынамсі, адкрыццё гуманітарнага калідору”. “Якое значэнне будзе мець той факт, што Папа паехаў у Кіеў, калі вайна працягнецца на наступны дзень?”, - спытаў Пантыфік.
Адказваючы на пытанне пра тое, чаму ён ніколі не згадвае Пуціна ці Расію, Францішак сказаў: “Папа ніколі не называе кіраўніка дзяржавы, ці, тым больш, краіну, якая вышэй за свайго дзяржаўнага кіраўніка”.
Святы Айцец пракаментаваў свае адносіны з прадстаяцелем Рускай Праваслаўнай Царквы, назваўшы іх добрымі. “Мне жаль, што Ватыкан павінен быў скасаваць другую сустрэчу з Патрыярхам Кірылам, якую мы планавалі на чэрвень у Іерусаліме. Але наша дыпламатыя палічыла, што сустрэча паміж намі ў гэты момат можа выклікаць шмат блытаніны”, - сказаў Папа, нагадваючы, што ён заўсёды імкнецца падтрымліваць міжхрысціянскі і міжрэлігійны дыялог.