ҽ

Падчас сустрэчы з удзельнікамі ватыканскага курса для спаведнікоў Падчас сустрэчы з удзельнікамі ватыканскага курса для спаведнікоў 

Пантыфік да спаведнікоў: прабачэнне – гэта права чалавека

Служэнне прымірэння, якое рэалізуе Божую міласэрнасць у адносінах да чалавека, застаецца каштоўным і неабходным, - адзначыў Папа. 25 сакавіка 2022 года ён сустрэўся з удзельнікамі ватыканскага курса для спаведнікоў.

Аляксандр Амяльчэня – Pope

Францішак паўтарыў сваю думку: “прабачэнне – гэта права чалавека”. “Сапраўды, гэта тое, чаго сэрца кожнага чалавека прагне найбольш, паколькі, у рэшце рэшт, атрымаць прабачэнне азначае быць любімым такім, якім ты ёсць, нягледзячы на свае абмежаванні і грахі”, - заўважыў ён.

Папа патлумачыў, што правам прабачэнне з’яўляецца ў тым сэнсе, што “Бог у пасхальнай таямніцы Хрыста цалкам і незваротна даў яго кожнаму чалавеку, які жадае яго прыняць, з пакорным сэрцам і пакаяннем”. “Шчодра раздаючы Божае прабачэнне, мы, спаведнікі, супрацоўнічаем у аздараўленні людзей і свету”, - падкрэсліў ён.

На думку Святога Айца, служэнне святара, які спавядае, характарызуюць тры паняцці: вітанне, слуханне, суправаджэнне. Ён назваў іх “трыма абліччамі любові”.

Вітанне – гэта тое, “што дапамагае пэнітэнту з правільным духам прыступіць да сакрамэнту, не спыняцца на сабе і сваім граху, але адкрывацца на Божае айцоўства, на дар Ласкі”.

Слухаць – гэта больш, чым чуць, - заўважыў Пантыфік, гаворачы пра другое паняцце. Гэта патрабуе ўнутранага настрою, які складаецца з увагі, адкрытасці, цярпення: “трэба пакінуць свае думкі, свае шаблоны, каб сапраўды адкрыць свой розум і сэрца для слухання”.

Трэцяе ключавое паняцце – суправаджэнне. Тут святару важна разумець, што ён не вырашае за верніка, не з'яўляецца гаспадаром сумлення іншага. “Спаведнік проста суправаджае, з усёй разважлівасцю, праніклівасцю і міласэрнасцю, на якія ён здольны, у распазнанні праўды і волі Божай у канкрэтным досведзе пэнітэнта”, - звярнуў увагу Францішак.

Папа нагадаў слухачам курса, арганізаванага Апостальскай пэнітэнцыярыяй, аб набліжэнні Юбілею 2025 года. Ён заўважыў, што гэтай дыкастэрыі даверана, так бы мовіць, “глыбокае ядро” кожнага Юбілею, і папрасіў разам з іншымі структурамі Святога Пасаду “арганізаваць усё неабходнае, каб наступны Святы Год стаў як мага больш плённым”, “каб Божая міласэрнасць магла прыйсці ўсюды і да кожнага: праз прабачэнне і адпусты”.
 

25 сакавіка 2022, 13:08