Кардынал Паралін: Папа наведае Мальту з думкамі пра мір і гасціннасць
Аляксандр Панчанка – Pope
Дзяржсакратар заўважыў, што пілігрымка Пантыфіка з’яўляецца доўгачакананай падзеяй, бо некалькі разоў адкладалася па прычыне пандэміі каронавіруса. У той жа час яна адбудзецца ў “кантэксце вайны, якая вельмі непакоіць Святога Айца”.
Папа здзейсніць гэта падарожжа з “моцным болем ад таго, што адбываецца ва Украіне”, - падкрэсліў бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца. На яго думку, Пантыфік будзе зноў заклікаць, каб “спыніліся сутыкненні, змоўкла зброя і працягваўся дыялог”. Іерарх заўважыў, што пакуль перамовы, здаецца, не прывялі да ніякага канкрэтнага выніку. Такім чынам падарожжу будзе спадарожнічаць дух болю і спачування ўкраінскаму народу, а таксама заклік пакласці канец вайне, - падзяліўся кардынал Паралін.
Важнай тэмай візіту на Мальты будзе міграцыйная праблема. Дзяржаўны Сакратар звярнуў увагу на вартую захаплення хвалю салідарнасці з украінскімі бежанцамі ў еўрапейскіх краінах. Адначасова ён выказаў надзею на тое, што гэты трагічны досвед зможа па-сапраўднаму дапамагчы ўмацаваць адчувальнасць таксама да міграцыі з поўдня ад Еўропы.
Іерарх заўважыў, што ў першую чаргу трэба ратаваць людскія жыцці, ствараючы бяспечныя і легальныя міграцыйныя шляхі, а таксама рабіць усё магчымае, каб ніхто не быў вымушаны пакідаць сваю родню зямлю па прычыне канфліктаў, адсутнасці бяспекі і развіцця. На думку кардынала Параліна, для гэтага патрэбны салідарнасць міжнароднай супольнасці і інвестыцыі краін паходжання мігрантаў у эканамічнае развіццё, палітычную стабільнасць, добрае кіраванне і павагу да правоў чалавека.
Той факт, што дзясяты год свайго пантыфікату Францішак пачынае з падарожжа на Мальту, звязаную з евангелізацыйнай дзейнасцю апостала Паўла, іерарх лічыць заклікам да Касцёла, каб станавіўся больш місійным і абвяшчаў Евангелле.
Дзяржсакратар падкрэсліў, што Касцёл на Мальце вельмі ўважлівы да канкрэтных праблем людзей, асабліва бедных, хворых, мігрантаў, а з іншага боку сустракаецца з праблемамі, звязанымі з агульнай секулярызацыяй заходняга грамадства. На яго думку, Пантыфік прыбудзе, каб умацаваць мальтыйскіх католікаў у веры, якая павінна ператварыцца ў сведчанне любові і гасціннасці да іншых людзей і абвяшчэнне Евангелля ва ўсіх сітуацыях.