Папа заклікае маліцца за законніц і кансэкраваных жанчын
Аляксандр Панчанка – Pope
“У гэтым месяцы мы будзем асаблівым чынам маліцца за законніц і кансэкраваных жанчын”, паведаміў Святы Айцец, заклікаючы задумацца пра тое, “якім быў бы Касцёл без манахінь і кансэкраваных свецкіх верніц”. Без іх, на думку, Папы, Касцёл зразумець немагчыма.
“Заклікаю ўсіх кансэкраваных жанчын распазнаць і выбраць тое, што будзе добрым для іх місіі перад абліччам выклікаў свету, у якім жывем. Заклікаю іх працягваць працаваць і падтрымліваць бедных, маргіналізаваных, усіх зняволеных гандлярамі людзьмі; асабліва прашу і засяродзіцца на гэтай справе”, - падкрэсліў ён.
Пантыфік заахвоціў маліцца, каб законніцы і кансэкраваныя верніцы маглі “паказваць прыгажосць Божай любові і спагады, як катэхеткі, тэолагі, духоўныя спадарожніцы”. “Заклікаю іх змагацца, калі, у некаторых выпадках, да іх адносяцца несправядліва, нават у Касцёле; калі іх служэнне – такое вялікае – зводзіцца да прыслугоўвання, і часам людзьмі Касцёла. Не апускайце рукі, працягвайце знаёміць з дабрынёй Бога праз апостальскія справы, якія ажыццяўляеце, а ў першую чаргу – праз сведчанне кансэкрацыі”, - сказаў Папа.
“Молімся за законніц і кансэкраваных жанчын, дзякуючы ім за іх місію і адвагу, каб яны працягвалі знаходзіць новыя адказы на выклікі нашага часу”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак, выказваючы падзяку законніцам і кансэкраваным жанчынам за тое, кім з’яўляюцца, што робяць і як робяць гэта.