Святы Айцец да свецкіх інстытутаў: сёння час для сведчання
Аляксандр Панчанка – Pope
Францішак нагадаў пра “рэвалюцыйнасць” дакументу Пія ХІІ, падзякаваў свецкім інстытутам кансэкраванага жыцця за іх служэнне і сведчанне, а таксама паабяцаў прыняць удзел у завяршэнні працы Генеральнай асамблеі свецкіх інстытутаў кансэкраванага жыцця. У сувязі з падрыхтоўкай да гэтай падзеі Папа заклікаў прасіць Святога Духа абнавіць у кожным члене свецкіх інстытутаў “крэатыўную і прароцкую сілу”.
Пантыфік заклікаў адрасатаў паслання натхняцца жаданнем жыць “святой свецкасцю”. “Вы маеце адзін з самых старажытных харызматаў у Касцёле і Касцёл заўсёды патрабуе вас. Але ваша кансэкрацыя не павінна блытацца з манаскім жыццём. Менавіта хрост з’яўляецца першай і найбольш радыкальнай формай кансэкрацыі”, - напісаў Папа.
Святы Айцец заклікаў свецкіх кансэкраваных быць “свабодным і крэатыўнымі” у сведчанні, заставацца схаванымі ў рэчаіснасці, як зерне ў зямлі і закваска ў цесце. “Запрашаю вас глыбока паразважаць пра сэнс і спосаб вашай прысутнасці ў свеце і абнавіць у вашай кансэкрацыі прыгажосць і жаданне ўдзельнічаць у ператварэнні рэальнасці”, - пажадаў Пантыфік.
Папа лічыць, што прысутнасць свецкіх кансэкраваных асоб яшчэ недастаткова ўзбагаціла Касцёл: яны пакліканы даносіць праблемы свету да Касцёла, будучы нібыта “антэнамі, якія перадаюць пасланні”, прысутнічаць у кантэкстах “сацыяльнай і экалагічнай дэградацыі”, пазбягаць самадастаковасці, закрытасці, неканкрэтнасці і абыякавасці.
“Кансэкраваная свецкасць – гэта прароцкі знак, які заклікае паказаваць жыццём, больш чым словамі, любоў Нябеснага Айца, паказваць штодзённа на шляхах свету. Сёння не столькі час для настойлівых і пераканаўчых прамоў, а ў першую чаргу час для сведчання, бо ў той час як апалогія раздзяляе, прыгажосць жыцця прываблівае! Будзьце сведкамі, якія прывабліваюць!”, - заклікаў Папа.
Францішак заахвоціў кансэкраваных свецкіх сведчыць перад светам пра тое, што Бог любіць і благаслаўляе яго. “Будзьце кансэкраванымі для свету, які чакае вашага сведчання, каб дасягнуць свабоды, што дае радасць, сілкуе надзею, падрыхтоўвае будучыню”, - завяршыў пасланне Святы Айцец.