Францішак: ператварыць гэты дзікі свет у больш гуманны і чалавечны
Аляксандр Панчанка – Pope
Рух быў заснаваны ў Рыме італьянскім езуітам, славутым у той час прапаведнікам, ксяндзом Рыкарда Ламбардзі, у адказ на заклік будаваць лепшы свет і ўмацоўваць узаемаразуменне паміж людзьмі, які Пій ХІІ скіраваў да Касцёла ў радыёпасланні ад 10 лютага 1952 года.
Францішак заахвоціў членаў руху працягваць сваю місію, кіруючыся “візіяй жыцця, візіяй стварэння”. Ён нагадаў, што Пій ХІІ казаў пра неабходнасць ператварэння “дзікага” свету, які “павінен стаць больш гуманным, больш хрысціянскім, больш чалавечным, бо Пан заўсёды блізкі да чалавека”.
“Ідзіце наперад, не апускайце рукі, працягвайце працаваць, каб здзяйсняць гэта ператварэнне свету, а ў першую чаргу, прашу вас працаваць на карысць справядлівасці, дзяцей і пажылых людзей, а таксама на карысць міру. Лепшы свет, якога прагнем, будзе менавіта мірным светам”, - падкрэсліў Францішак, выказваючы віншаванні з юбілеем і просячы аб малітве.
“Рух за лепш свет” стаў плёнам глыбокай перакананасці Пія ХІІ і ксяндза Рыкарда Ламбардзі адносна тэрміновай патрэбы ўключэння Касцёла ў вырашэнне складаных праблем чалавецтва пасля разбурэнняў, выкліканых фашызмам і нацызмам, а таксама пагрозы для свету, якую стварала камуністычная ідэалогія. У радыёпасланні, на падставе якога ўзнікла ініцыятыва, Пій ХІІ казаў: “Увесь свет павінен быць адбудаваны ад самых сваіх асноў, павінен быць ператвораны з дзікага ў чалавечны, з чалавечнага ў боскі, паводле сэрца Бога”.
Рух дзейнічае ў многіх дыяцэзіях Еўропы, Афрыкі, Паўдёвай і Паўночнай Амерыкі, Азіі і Акіяніі. Яго члены галоўным чынам дапамагаюць у планаванні і ажыццяўленні душпастырскай дзейнасці ў парафіях, спрыяючы заахвочванню свецкіх вернікаў ў жыццё Касцёла згодна з духам Другога Ватыканскага Сабора.