Анёл Панскі: вучань прымае парадокс Благаслаўленняў
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Францішак спаслаўся на ўрывак Евангелля св. Лукі (6, 20-23), дзе Езус называе шчаслівымі ўбогіх духам, тых, хто галадае і плача, каго ўзненавідзяць з прычыны веры ў Сына Чалавечага...
Пантыфік падкрэсліў, што менавіта Благаслаўленні вызначаюць тоеснасць вучня Хрыстовага. Каментуючы словы: “Шчаслівыя ўбогія духам, бо ваша ёсць Валадарства Божае” (Лк 6, 20), ён патлумачыў, што “вучань Езуса знаходзіць сваю радасць не ў грошах ці іншых матэрыяльных дабротах, але ў дарах, якія ён атрымлівае кожны дзень ад Бога: у жыцці, у стварэнні, у братах і сёстрах...”, і ахвотна дзеліцца тым, што мае.
Францішак адзначыў, што “убогасць” адносіцца і да сэнсу жыцця: “вучань Езуса не думае, што ён валодае ім, што ён ужо ўсё ведае, але ўсведамляе, што павінен вучыцца кожны дзень”. Менавіта таму сапраўдны хрысціянін, гэта “сціплы, адкрыты чалавек, вольны ад забабонаў і рыгарызму”.
Папа заўважыў, што вучань прымае парадокс Благаслаўленняў і таму згаджаецца рызыкаваць, усведамляючы, што не Бог павінен увайсці ў нашу логіку, але мы павінны ўвайсці ў Яго. “Памятайце, што першае слова Езуса: “шчаслівыя”. Гэта сінонім звання “вучань Езуса”. Пан, вызваляючы нас з няволі эгацэнтрызму, аслабляе нашу замкнёнасць, растапляе нашу ўпартасць і адкрывае нам сапраўднае шчасце, якое часта знаходзіцца там, дзе мы не можам яго ўявіць”, - сказаў Святы Айцец.
У канцы свайго разважання Францішак заахвоціў вернікаў задаць сабе некалькі пытанняў, у тым ліку самае важнае: “Ці дазваляю я, каб парадокс Благаслаўленняў “падарваў мяне знутры”, ці можа працягваю заставацца ў перыметры сваіх ідэй? Незалежна ад працы і цяжкасцей, ці адчуваю я радасць, калі іду за Езусам? Гэта самая важная якасць вучня – душэўная радасць”, - сказаў Францішак.