Святы Айцец маліўся за мір ва Украіне
Аляксандр Панчанка – Pope
“Будзем горача прасіць Пана, каб гэта зямля магла ўбачыць росквіт братэрства і пераадолець раны, страх і падзелы”, - сказаў Францішак, нагадваючы, што падчас Другой сусветнай вайны загінула каля 5-ці мільёнаў украінцаў.
“Гэты народ шматпакутны, ён выцерпеў голад, спазнаў нямала жорсткасці і заслугоўвае міру. Няхай жа малітвы і ўскліканні, якія сёння ўзносяцца да неба, дакрануцца розуму і сэрцаў адказных на зямлі, каб яны паставілі дыялог і дабро ўсіх вышэй за прыватныя інтарэсы. Прашу: няхай больш ніколі не будзе вайны!”, - сказаў Пантыфік, заклікаючы вернікаў памаліцца Ойча наш – “малітвай, якая робіць нас братамі, малітвай братоў, якія просяць аб прымірэнні і згодзе”.
Святы Айцец абвясціў 26 студзеня 2022 года спецыяльным Днём малітвы за мір ва Украіне падчас Анёл Панскі ў мінулую нядзелю, 23 студзеня.