ҽ

Пантыфік: маліцца за ахвяр пераследу па рэлігійных матывах

Бачыць у вызнаўцах іншых рэлігій братоў і сясцёр, прызнаючы іх правы і годнасць - заклікаў Францішак, абвяшчаючы малітоўную інтэнцыю на студзень 2022 года.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Як гэта магчыма, што многія рэлігійныя меншасці пакутуюць сёння ад дыскрымінацыі і пераследу? Як можам дазволіць, каб у цывілізаваным грамадстве людзей пераследавалі толькі за тое, што яны публічна вызнаюць сваю веру? Гэта не толькі непрымальна: гэта таксама нечалавечна і па-вар’яцку”, - сказаў Пантыфік у відэароліку, які 4 студзеня 2022 года быў распаўсюджаны ў Youtube Сусветнай сеткай малітвы Папы.

“Рэлігійная свабода не абмяжоўваецца свабодай культу, гэта значыць, магчымасцю праводзіць набажэнствы ў дні, устаноўленыя святымі кнігамі: яна падштурхоўвае цаніць іншага чалавека ў яго адметнасцях і бачыць у ім сапраўднага брата”, - дадаў Францішак.

Папа заўважыў, што ў людзей ёсць так шмат агульнага, што могуць жыць разам, прымаючы адметнасці з радасцю, уласцівай братам і сёстрам. “І няхай ніякія вялікія ці істотныя адметнасці – напрыклад, рэлігійныя – не засланяюць вялікага адзінства братоў. Давайце выберам шлях братэрства. Таму што, або мы будзем братамі, або мы ўсе прайграем”, - сказаў ён.

“Молімся, каб усе людзі, якія перажываюць дыскрымінацыю і пераслед па рэлігійных матывах, знайшлі ў супольнасцях, у якіх яны жывуць, прызнанне іх правоў і годнасці, што нараджаецца з быцця братамі”, - агучыў малітоўную інтэнцыю Францішак.
 

04 студзеня 2022, 16:25