ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак пра бацькоўства ў святле сведчання святога Юзафа

Бацькі, якія пераадольваюць вялікія цяжкасці дзеля сваіх дзяцей – героі, - сказаў Францішак у інтэрв’ю, якое даў ватыканскай газеце L’Osservatore Romano і парталу Pope.

Аляксандр Панчанка – Pope

“Я вельмі блізка адчуваю драму бацькаў і маці, якія перажываюць надзвычай складаную сітуацыю, абцяжараную, у першую чаргу, пандэміяй. Я ведаю, што нялёгка змагацца з пакутамі, звязанымі з тым, што не можаш пракарміць уласных дзяцей і адчуваннем на сябе адказнасці за жыццё іншых”, - прызнаўся Папа, запэўніваючы такіх людзей у блізкасці і малітве, у асабістай падтрымцы і падтрымцы з боку ўсяго Касцёла.

Францішак узгадаў пра шматлікіх бацькаў і маці, пра шматлікія сем’і, якія ўцякаюць ад вайны, якіх выпіхваюць на межах Еўропы і не толькі, якія перажываюць сітуацыі болю і несправядлівасці, якія ніхто не ўспрымае сур’ёзна ці добраахвотна ігнаруе.

“Я хачу сказаць, што для мяне яны з’яўляюцца героямі, бо я бачу ў іх адвагу людзей, што рызыкуюць уласным жыццём з любові да сваіх дзяцей і да сваёй сям’і”, - сказаў Папа, нагадваючы, што таксама Панна Марыя і святы Юзаф перажылі “выгнанне” ў чужой краіне, ратуючыся ад насілля, што робіць іх блізкімі з сучаснымі бежанцамі. Пантыфік пажадаў гэтым людзям, каб не адчувалі сябе самотнымі, бо ён памятае пра іх і працягне заступацца за іх.

Гаворачы пра постаць святога Юзафа, Францішак нагадаў, што ён быў чалавекам, які ўмеў слухаць голас Бога і без нараканняў вырашаць праблемы. Перад абліччам цяжкасцей Юзаф захоўваў давер да Бога і падыходзіў крэатыўна да пошуку рашэнняў. Таму ў “цёмныя часы”, выкліканыя пандэміяй, ён з’яўляецца “ззяючым сведкам”, які дапамагае нам “адшукаць дарогу”, - лічыць Святы Айцец.

Пантыфік заклікаў бацькаў па прыкладзе святога Юзафа быць для сваіх дзяцей кропкай апоры, бо “заўтра і яны стануць бацькамі і павінны будуць задумацца пра тое, якіх бацькаў мелі і якімі бацькамі хочуць стаць”. У той жа час важна не лічыць дзяцей уласнасцю, не станавіцца для іх перашкодай, але ўмець рабіць таксама і крок назад у адпаведны момант, каб “магла праявіцца непаўторнасць дзіцяці, яго пакліканне”.

Папа заўважыў, што Касцёл мае не толькі мацярынскае вымярэнне, але таксама і бацькоўскае: ён павінен быць здольным навучыць сваіх дзяцей браць на сябе адказнасць, карыстацца свабодай, прымаць рашэнні. У актуальны гістарычны перыяд маладыя людзі “часта баяцца нешта вырашаць, уключацца ў гульню”, таму Касцёл пакліканы заахвочваць іх і падтрымліваць іх у здзяйсненні “важных выбараў”, менавіта як бацька, які не кажа што “ўсё будзе добра заўсёды”, але вучыць з годнасцю пераадольваць магчымыя цяжкасці і паразы, лічыць Францішак.

Святы Айцец закрануў таксама тэму “духоўнага бацькоўства”, падкрэсліваючы, што і святары павінны навучыцца быць бацькамі. Добры духоўны айцец павінен не замяняць сабой сумленне людзей, давераных яму, але дапамагаць ім у распазнанні добрага шляху. Сёння духоўнае бацькоўства як ніколі патрэбнае, бо існуе тэрміновая неабходнасць у глыбокіх адносінах паміж людзьмі, - перакананы Папа.
 

13 студзеня 2022, 15:00