Папа: ахвяруем цяжкасці і пакуты ў інтэнцыі еднасці хрысціян
Аляксандр Панчанка – Pope
“З 18 па 25 студзеня адбудзецца Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян, які ў гэтым годзе прапануе паглядзець на сябе праз досвед Мудрацоў, якія прыбылі з Усходу ў Бэтлеем, каб пакланіцца Месіі-Каралю”, - нагадаў Францішак.
“Таксама і мы, хрысціяне, у разнастайнасці нашых канфесій і традыцый, з’яўляемся пілігрымамі на шляху да поўнай еднасці, і больш набліжаемся да нашай мэты тады, калі трымаем позірк, засяроджаным на Езусе, нашым адзіным Пану”, - сказаў Святы Айцец, заклікаючы на працягу гэтага Тыдня ахвяроўваць у інтэнцыі еднасці паміж хрысціянамі таксама нашы цяжкасці і пакуты.
Тэмай сёлетняга Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян, сталі словы Евангелля св. Мацвея: “Мы бачылі зорку Ягоную на ўсходзе і прыйшлі пакланіцца Яму” (Мц 2, 2). Матэрыялы да гэтай ініцыятывы былі падрыхтаваныя Радай Цэркваў Блізкага Усходу і зацверджаны Сусветнай радай Цэркваў і Папскай радай спрыяння хрысціянскаму адзінству.
Упершыню ідэя міжканфесійнай малітвы аб адзінстве хрысціян з’явілася ў ХІХ ст. У цяперашнім фармаце Тыдзень малітваў праводзіцца з 1908 г. па ініцыятыве святара з ЗША, ксяндза Пола Уотсана.