Францішак: шкодзіць жанчыне – гэта абраза Бога
Аляксандр Амяльчэня - Pope
На пачатку Францішак спаслаўся на сцэну Божага Нараджэння, падкрэсліўшы, што яна выражае блізкасць Бога. Ён адзначыў, што для Марыі гэта быў “скандал ясляў”. Бо як можна паяднаць славу Усявышняга і беднасць стайні? Яна, аднак, не папракала і ўсё гэта захоўвала, “разважаючы ў сэрцы сваім” (Лк 2, 19).
“Медытатыўнае стаўленне Марыі з’яўляецца выразам сталай, дарослай веры”, - адзначыў Папа, дадаўшы, што яшчэ адной рысай веры Багародзіцы стала яе “генератыўнасць” – здольнасць нараджаць новае жыццё.
Святы Айцец заахвоціў браць прыклад з веры Марыі, таму што кожны перажывае балючы канфлікт паміж чаканнямі і рэчаіснасцю, але насамрэч гэта складаны працэс, які вядзе да нараджэння больш сталай веры. Ён адзначыў, што вернікі павінны паводзіць сябе ў такіх сітуацыях, як Марыя.
Папа заахвоціў наследаваць Маці Божую і ператварыць нягоды ў магчымасці для адраджэння і развіцця. “Нам патрэбны людзі, якія ўмеюць ткаць ніткі камуніі, якія супрацьстаяць занадта вялікай колькасці калючага дроту падзелаў”, - сказаў Францішак.
Святы Айцец падкрэсліў ролю маці і жанчыны ў сучасным свеце. Яны, успрымаючы рэчаіснасць сэрцам, могуць спалучаць мары і канкрэтнасць, пазбягаючы скажэнняў стэрыльнага прагматызму і абстракцыі. “У той час як маці даюць жыццё, а жанчыны абараняюць свет, давайце ўсе мы будзем працаваць, каб спрыяць маці і абараняць жанчын. Колькі насілля над жанчынамі! Хопіць гэтага! Шкодзіць жанчыне – гэта абраза Бога, Які ўзяў ад жанчыны сваю чалавечнасць”, - адзначыў Францішак.