ҽ

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Францішак патэлефанаваў да прыёмнай сям’і

Папа патэлефанаваў да італьянскай прыёмнай сям’і, у якой выхоўваюцца двое дзяцей з адметнасцямі развіцця, і падзякаваў за іх увагу да хворых і патрабуючых падлеткаў.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

“У мяне было адчуванне, што я размаўляю з сябрам. Ён хацеў пазнаёміцца з гісторыямі нашых дзяцей”, - прызналася Катэрына, якая доўга не магла паверыць, што чуе ў трубцы голас Святога Айца.

Францішак даведаўся пра сям’ю ад іх сяброў, якія таксама маюць няпоўнаспраўных дзяцей. Нядаўна яны прысутнічалі на аўдыенцыі ў Ватыкане, дзе перадалі Папу ліст ад Катэрыны, Бруна і іх дзяцей з апісаннем рэалій іх жыцця. Яны напісалі Пантыфіку, між іншым, пра тое, што прыёмная дачка не ходзіць і не размаўляе, але дзякуючы імплантацыі спецыяльнага пратэза яна слухае любімую музыку і можа чуць голас сваіх блізкіх. Бацькі таксама напісалі пра двух родных сыноў, у аднаго з якіх – аўтызм. Да ліста прыклалі фота, на якім уся сям'я глядзіць па тэлевізары Анёл Панскі з Францішкам. Жанчына сказала ANSA, што хоць і змясціла нумар тэлефона ў лісце, не чакала, што Папа патэлефануе.

Катэрына і Бруна жывуць недалёка ад Турына і належаць да Супольнасці Яна ХХІІІ. Амаль дзесяць гадоў таму яны адчынілі дзверы свайго дома для дзяцей, якія перажываюць цяжкасці, і да сённяшняга дня падарылі надзею пятнаццаці такім падлеткам. Непасрэдна перад пандэміяй сям’я далучылася да праграмы Забяры мяне дадому. Яе мэта – звярнуць увагу сем’яў да патрэб дзяцей, якіх кінулі пасля нараджэння і якія патрапілі ў цяжкую сітуацыю.

Патэлефанаваўшы ім, Францішак падзякаваў за ўсё, што яны робяць для хворых і патрабуючых дзяцей.
 

26 студзеня 2022, 10:42