Пантыфік да еўрапейскай моладзі: заставайцеся пілігрымамі даверу
Аляксандр Амяльчэня - Pope
“Пандэмія зноў не дазволіла вам сустрэцца ў канцы года на 44-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі, аніміраванай Супольнасцю Тэзэ. Вам давядзецца пачакаць да ліпеня, каб паехаць у Турын і з радасцю перажыць падзею братэрства. Святы Айцец моліцца ў гэтай інтэнцыі і ўжо цяпер яднаецца ў думках і малітвах з усімі, хто лучыцца з дапамогай інтэрнэту, і перадае вам самыя шчырыя прывітанні”, - гаворыцца ў пачатку паслання.
Сустрэча адбываецца ў часы вялікай трывогі, - гаворыцца далей у тэксце. Многія сёння задаюцца пытаннямі: Ці ёсць у нашай планеты будучыня? Якія абавязкі мы павінны ўзяць на сябе, каб абараніць яе і зрабіць Зямлю прыдатнай для жыцця? Як мы можам у часы ўзмацнення палярызацыі, згодна з вашым лозунгам на будучы год, “стаць будаўнікамі адзінства”?
Папа дзякуе моладзі за імкненне да пошуку адказаў, за жаданне сумеснай малітвы і разважання над Божым словам, замест таго, каб паддацца паражэнству і ўцячы ад складаных пытанняў. Менавіта Бог можа “праліць святло на самыя складаныя чалавечыя сітуацыі”.
У тэксце гучыць напамін пра дзень Пяцідзесятніцы, калі вучні былі “ўсе разам”. “Менавіта тады, калі мы разам, Дух Божы будзе дзейнічаць асаблівым чынам. Падчас Сіноду, які зараз праходзіць, Каталіцкі Касцёл таксама спрабуе зрабіць сябе больш адкрытым для дзеяння Духа Святога, запрашаючы вучняў Хрыста зразумець, наколькі мы маем патрэбу адно ў адным”, - адзначаецца ў пасланні да моладзі.
“Вы вырашылі не адводзіць позірк ад чалавечых пакут і надзённых патрэб, а глядзець на іх з упэўненасцю і імкненнем узяць удзел у іх вырашэнні. Бо калі няма недахопу ў турботах, то праўдай застаецца і тое, што Дух Божы ніколі не перастае дзейнічаць і натхняе стваральнікаў братэрства, салідарнасці і адзінства. Адкрываючы сябе на прысутнасць Уваскрослага Хрыста, дазваляючы Яму аб’яднаць вашы сэрцы, вы рыхтуеце сябе быць аднымі з іх”, - перакананы Францішак.
Святы Айцец моліцца да Духа Святога аб благаслаўленні для маладых католікаў, праваслаўных і пратэстантаў, якія бяруць удзел у еўрапейскай сустрэчы, давяраючы іх апецы Багародзіцы. “Працягвайце заставацца пілігрымамі даверу, куды б ні пасылаў вас Пан!”, - такім заклікам завяршаецца папскае пасланне да ўдзельнікаў 44-й Еўрапейскай сустрэчы моладзі.