Папа: падтрымліваць сужэнства і абараняць яго ад распаду
Аляксандр Амяльчэня - Pope
Гэтым разам Францішак спаслаўся на сведчанне сям’і Лікесья з Дэмакратычнай Рэспублікі Конга. Муж і жонка кажуць у відэа пра сямейныя пары, якія знаходзяцца ў крызісе і адмаўляюцца ад духоўнай падтрымкі і блізкасці Касцёла. Яны адзначаюць, што сужэнскі крызіс не доўжыцца вечна і не абавязкова павінен разбіць сям'ю. Таму трэба дапамагчы сужэнцам наладзіць дыялог, прабачыць адно аднаму і зноўку адкрыць для сябе тую радасць, якую дае любоў.
Спасылаючыся на сведчанне кангалезскай сям’і, Францішак прызнаў, што сёння ранімасць сем’яў стала сур’ёзным выпрабаваннем. “Задача Касцёла – ісці да тых, хто хоча заставацца побач з Богам, дапамагчы ім ператварыць свае няўдачы і пакуты ў магчымасць імкнуцца да паўнаты Евангелля. Уважлівае душпастырства сем’яў умее прымаць, суправаджаць, распазнаваць і інтэграваць іх у касцёльную супольнасць, не з дапамогай простых і банальных рэцэптаў, але дзякуючы кругагляду, які сапраўды прадугледжвае зразуменне і распазнанне сітуацыі”, - лічыць Папа.
Пантыфік перакананы, Касцёлу “сёння, замест душпастырства няўдач, патрэбна душпастырскае служэнне, якое ўмацоўвае сужэнства і не дае яму разваліцца”.
Для выхаду з сужэнскага крызісу, ён прапанаваў стратэгію “магчымых маленькіх крокаў”, выкарыстанне “бальзаму міласэрнасці для гаення ран”. Тут таксама важна, каб сем’і адчувалі сябе вітанымі ў Касцёле, але не коштам замоўчвання праўды аб іх рэальнай сітуацыі. “Мы павінны вучыць прабачэнню, разуменню і надзеі”, - заахвоціў Францішак.