ҽ

Францішак падчас інтэрв'ю тэлебачанню Mediaset Францішак падчас інтэрв'ю тэлебачанню Mediaset 

Асаблівае інтэрв’ю Папы на італьянскім тэлебачанні

Папа даў інтэрв’ю тэлебачанню Mediaset, падчас якога адказаў на пытанні чатырох асоб: жанчыны – ахвяры гвалту, двойчы асуджанага да пажыццёвага зняволення мужчыны, бяздомнага і дзяўчыны-падлетка.

Аляксандр Амяльчэня - Pope

Святы Айцец сустрэўся з імі ў Доме св. Марты, дзе і адбыўся запіс праграмы пад назвай “Францішак і нябачныя – Папа сустракае апошніх”.

У размове была ўзнята, між іншым, тэма гвалту над жанчынамі. Пытанне, як вярнуць страчаную годнасць, задала маці чацвярых дзяцей, у якой за плячыма цяжкае сямейнае жыццё, страчаная праца і кватэра.

“Колькасць жанчын, якіх збіваюць і над якімі здзекуюцца дома, таксама іх мужы, вельмі вялікая. Гэтая праблема для мяне сапраўды сатанінская, таму што тут выкарыстоўваецца слабасць таго, хто не можа абараніць сябе, можа толькі стрымліваць удары. Гэта прыніжальна, вельмі зневажальна”, - адзначыў Пантыфік.

Францішак назваў прыніжальнай і сітуацыю, калі бацька ці маці б'юць дзіцяці па твары: “Я заўсёды кажу, ніколі не біце дзіця па твары. Чаму? Бо твар – гэта годнасць”.

“У цябе ёсць годнасць, у цябе пакутлівы твар таго, хто працягвае жыццё, сваё і сваіх дзяцей. Ты ў дарозе, і ёсць небяспека заблудзіцца, сказаць, што няма выйсця, але ты ўсё яшчэ трываеш, як Маці Божая пад крыжам, ты не страціла годнасці. Як можна працягваць жыць? Паглядзі на Марыю, заставайся з гэтым вобразам мужнасці”, - параіў жанчыне Святы Айцец.

На пытанне, чаму грамадства настолькі “жорсткае” ў адносінах да бедных, Францішак адказаў, што ігнараванне праблем іншых – гэта самая вялікая аплявуха грамадства самым слабым. Гэта эфект культуры абыякавасці, дзе людзі спрабуюць адмежавацца ад сапраўдных праблем, ад болю адсутнасці дома і працы. І пандэмія ўзмацніла ўсё гэта.

Адказваючы на пытанне чалавека, які правёў у турме чвэрць стагоддзя, Францішак запэўніў: “надзея ніколі не расчароўвае”.

Святы Айцец таксама падняў пытанне адсутнасці кантактаў падчас лакдаўна. Ён папрасіў маладых людзей не абмяжоўвацца сяброўствам па інтэрнэце і не адмаўляцца ад сапраўдных адносін. Папа заўважыў, што COVID пагрузіў усіх у крызіс і прывёў да павелічэння колькасці самагубстваў. Францішак таксама адзначыў, што лакдаўн становіцца выпрабаваннем для ўсяго, у тым ліку і для адносін з Богам.

Напрыканцы сустрэчы ён спаслаўся на набліжэнне Божага Нараджэння, нагадаўшы, што сапраўдны сэнс надае яму асабістая сустрэча з Езусам. Ён параіў спыніцца і падумаць пра нараджэнне Хрыста як пра пасланне міру.

“Жадаю вам усім Божага Нараджэння з Езусам, сапраўднага Божага Нараджэння. (...) Зладзьце вячэру, дзяліцеся падарункамі, але не забывайце пра Езуса! Божае Нараджэнне – гэта Езус, Які прыходзіць. Езус, Які прыходзіць, каб дакрануцца да вашага сэрца, Езус, Які прыходзіць, каб дакрануцца да вашай сям'і, Які прыходзіць да вас, да вашага дому, да вашага сэрца, да вашага жыцця. З Езусам лёгка жыць, Ён нас вельмі паважае, але не забывайма пра Яго”, - звярнуўся Францішак.
 

21 снежня 2021, 12:13